Ёлачка, заззяй! Свята заклікай! (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

Ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны сёння адначасова запалілі агні на галоўных навагодніх ёлках.

Акцыя аб’яднала дзясяткі гарадоў Прынёмання, дзе прайшлі адметныя святочныя мерапрыемствы. Надвор’е таксама выдалася па-сапраўднаму зімовым і снежным. Дзятлаўчан і гасцей горада сёлета здзіўлялі традыцыйным парадам навагодніх герояў, сярод якіх, вядома ж, былі Дзяды Марозы і Снягурачкі.

Гаспадыня свята Зіма заклікала прысутных павесяліцца. Добры настрой дарылі Іван Кашко і маленькія зайчаняты з дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава. Праўда, здарылася неспадзяванка: дочкі Зімы – Завіруха і Мяцеліца – не ўсіх запрасілі на ўрачыстасць, паспяшаліся зрабіць гэта праз “Instagram” і пакрыўдзілі Ведзьму, а яна начаравала, каб заблукалі Дзед Мароз і Снягурачка. Выпраўляць сітуацыю давялося Зіме. Усё скончылася мірна: пачаліся танцы з роставымі лялькамі, карагодамі, выступленні моладзі і артыстаў. Нарэшце, на вясёлае свята па заснежанай дарозе дабраліся Дзед Мароз і Снягурачка. Дружна ўсе разам яны ажыццявілі маленькі навагодні цуд – запалілі агеньчыкі на галоўнай ёлцы горада.

 

Не менш цікавым быў конкурс на лепшы касцюм сімвала 2023 года з уручэннем супер-прыза ад КСУП “Хвінявічы”. Яго атрымала наша маленькая зямлячка Дар’я, якая прыйшла на свята ў вобразе зайчаняці. Яшчэ адной наваагодняй сенсацыяй стала тое, што ўсе прысутныя зайцы ўзялі білеты, праўда латарэйныя.

Пад песні і танцы Зіма і Дзядуля Мароз прачыталі свой святочны загад: навагоднім героям ехаць у аграгарадкі, каб і там у хуткім часе засвяціліся-заззялі ёлкі.

Раённае свята прадоўжылі вясёлыя выступленні артыстаў. Спадзяёмся, што ў дзятлаўчан разам з агеньчыкамі ёлак у сэрцах заззяе, мацнеючы з кожным днём, радасць ад прадчування надыходзячых святаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga