За вокнамі снежань, а гэта значыць, што дзень за днём мы набліжаемся да любімага дзецьмі і дарослымі свята – Новага года.
Актыўная падрыхтоўка да яго пачалася ў сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава. Каб добрая пераднавагодняя казка завітала да кожнага з юных насельнікаў прытулка, спецыялісты ўпрыгожваюць памяшканні, разам з дзецьмі малююць, выразаюць, майструюць.
– Таксама ў нашым цэнтры ладзіцца традыцыйная дабрачынная акцыя “Падорым дзецям цуды”, – расказала дырэктар установы Ала Жэгалік. – Яна доўжыцца з 21 лістапада па 23 снежня і заклікана прыцягнуць увагу людзей да праблемы сацыяльнага сіроцтва, падтрымаць дзяцей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, падарыць ім радасць, цяпло і надзею на лепшае. Склалася і адметная традыцыя – кожны з выхаванцаў піша пісьмо Дзеду Марозу. Прычым робяць гэта як самыя маленькія, так і падлеткі. Безумоўна, галоўнае жаданне дзяцей – хутчэй вярнуцца дахаты, але з верай у добры цуд просяць яны для сябе і доўгачаканыя падарункі.
Я ўдзячна, што дзятлаўчане, працоўныя калектывы і грамадскія аб’яднанні раёна не застаюцца раўнадушнымі да падобных просьбаў. У час акцыі “Нашы дзеці” ў прытулак часта прыходзяць госці з цукеркамі і падарункамі.
Жыццёвыя абставіны склаліся так, што цяпер у прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра знаходзяцца пяцёра дзяцей. На некаторы час яны пазбаўлены ўвагі і цяпла бацькоў. Напярэдадні навагодніх святаў вельмі хочацца выканаць іх жаданні і дадаць у жыццё “нотку” радасці. Кожны можа стаць для нашых выхаванцаў добрым чараўніком, калі пачытае іх пісьмы Дзеду Марозу і вырашыць здзейсніць іх доўгачаканую мару.
У навагодні перыяд дабра і цудаў я жадаю ўсім жыхарам нашага раёна, няхай моцным будзе здароўе, дружнымі сем’і і ажыццяўляюцца самыя запаветныя мары і жаданні.
Выхаванцы прытулка таксама расказалі, чаму яны любяць Новы год, што прасілі ў Дзеда Мароза, паразважалі, што б зрабілі, калі б самі сталі добрымі навагоднімі чараўнікамі.
Ілья, 12 гадоў:
– Зімой я люблю снег, святы, канікулы, падарункі. Звычайна за тыдзень-два да Новага года мы ставім дома ёлку. Вядома ж, вельмі хочацца сустрэць і гэты Новы год з роднымі. Пакуль жа разам з іншымі дзецьмі напісаў сваё пісьмо-пажаданне Дзядулю Марозу. Папрасіў у яго вуды, бо люблю рыбалку, расказаў, што яшчэ мару пра скейборт і камп’ютарную гульнявую кансоль. Тату і маме да святаў я жадаю, каб яны не хварэлі, сабе – паспяхова закончыць чвэрць і хутчэй вярнуцца ў сям’ю, сябрам – здароўя, шчасця, паспяховай вучобы. Калі б я хоць на гадзіну стаў Дзедам Марозам, то падарыў бы ўсім людзям тое, што яны хочуць, начараваў бы два метры снегу, а сам хутчэй перанёсся б дахаты.
Ганна, 10 гадоў:
– Зіму я не вельмі люблю за холад і слізготу, а вось Новы год і падарункі мне падабаюцца. Звычайна напярэдадні навагодніх святаў я выразаю шмат сняжынак, наляпляю іх на вокны, усёй сям’ёй мы ўбіраем ёлку, прыгожа апранаемся. Мне хочацца шмат падарункаў, таму іх спіс у пісьме Дзеду Марозу даволі вялікі. Я мару пра ролікі, бесправадныя вялікія навушнікі і музычную калонку, набор рознакаляровых гелевых ручак з бліскаўкамі і без, вялікага персікавага плюшавага мядзведзя, піжаму кігурумі-адзінарога і такую ж шапку-вушанку, вялікі набор пазлаў, маленькую чорную сумачку праз плячо і белы шопер, а яшчэ –лядзянку. У прытулку да Новага года я ўжо майструю ёлачку з паперы, хутка буду яе аздабляць. На Новы год жадаю сабе здароўя і любові да навакольных, тату з мамай – не сварыцца і больш грошай, сябрам – моцнай дружбы. Калі б я стала Дзедам Марозам, то начаравала б усім дзецям падарункі іх мары, а яшчэ каб усе сем’і былі моцнымі і дружнымі.
Данііл, 8 гадоў:
– Зіма мне падабаецца, бо можна гуляць у снежкі, ляпіць снегавікоў, катацца з сябрамі на санках, а незадоўга да Новага года мы ставім дома ёлачку з агеньчыкамі і цацкамі. Вядома ж, не менш прыемна атрымліваць падарункі. У сваім пісьме да Дзеда Мароза я папрасіў машынку на пульце, вялікія з перамычкай бесправадныя навушнікі, ролікі з накладкамі-абаронай і шлем. У наступным годзе жадаю сваім бацькам больш грошай і каб часцей праводзілі з намі час, сябрам – каб атрымалі падарункі, пра якія мараць, і айфон-13. Калі б я сам стаў Дзедам Марозам, абавязкова начараваў бы, каб Новы год доўжыўся круглы год і для ўсіх – бясконцае мноства падарункаў.
Аліна, 5 гадоў:
– У Дзядулі Мароза я папрасіла вялікага плюшавага белага мядзведзя з сардэчкам, ляльку ў калясцы, лялечны домік, які адчыняецца, і дзіцячы рукзак. Зімой люблю катацца на санках, назіраць, як падае снег, і разглядваць сняжынкі, якія ўпалі на рукавічку. Вельмі чакаю Дзеда Мароза, хачу, каб было весела, каб бацькі не сварыліся і былі шчаслівымі, а маёй сяброўцы – новую ляльку. Калі б сама стала Дзедам Марозам, то села б у чароўныя санкі і паехала б глядзець, як жыве навагодні чараўнік.
Цяпер у бальніцы знаходзіцца яшчэ адзін юны дзятлаўчанін з прытулка – шаснаццацігадовы Павел. Аднак ён паспеў напісаць сваё навагодняе пісьмо. Хлопчык марыць, каб бацькі абавязкова забралі яго дахаты, а ў Дзеда Мароза папрасіў буцы або красоўкі 42 памеру і футбольны мяч.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga