Ведаеце аб праблеме – паведамляйце

Важнае Да ведама грамадзян

Наша паўсядзённае жыццё разам з выгодамі цывілізацыі тоіць у сабе розныя небяспечныя моманты.

Напрыклад, толькі са жніўня бягучага года зафіксавана два факты з гібеллю грамадзян пенсійнага ўзросту пры падзенні ў калодзежы і адзін факт падзення непаўналетняга дзіцяці, які, на шчасце, не скончыўся трагедыяй.

Так, 9 жніўня ў службу выратавання паступіла паведамленне аб тым, што ў неэксплуатуемым калодзежы для пітной вады на тэрыторыі нежылога домаўладання ў аграгарадку Нягневічы Навагрудскага раёна знаходзіцца цела мужчыны. Ратаўнікі паднялі на паверхню патанулага пенсіянера, 1949 года нараджэння. За два дні да трагедыі гэты пажылы чалавек сышоў з дому і не вярнуўся.

Наступнае трагічнае здарэнне зарэгістравана 18 жніўня на Лідчыне. З неэксплуатуемага калодзежа для пітной вады каля вёскі Дзітрыкі работнікі МНС дасталі загінулага мужчыну, 1955 года нараджэння. Як высветлілася, раніцай таго ж дня ён выехаў у лясны масіў паблізу гэтага населенага пункта па яблыкі.

12 лістапада ў службу выратавання горада Гродна паступіла паведамленне, што дапамога ратаўнікоў патрабуецца дзіцяці, якое правалілася ў незачынены калодзеж ліўневай каналізацыі па вуліцы Цэнтральнай. Выехаўшы на месца здарэння, работнікі МНС выратавалі і перадалі медыкам хлопчыка, 2014 года нараджэння, які, гуляючы з сябрамі, не заўважыў адкрытага калодзежа каля дарогі, спатыкнуўся і ўпаў у яго.

Мерапрыемствы па выяўленні адкрытых калодзежаў і люкаў на тэрыторыях населеных пунктаў, а таксама незачыненых электрашчыткоў заўсёды былі часткай прафілактычнай работы ў сферы забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці. На сённяшні дзень ім нададзена асаблівая ўвага. На тэрыторыі Гродзенскай вобласці і Дзятлаўскага раёна, у прыватнасці, прадаўжаецца агляд нежылых домаўладанняў, хутароў і будынкаў на прадмет іх бяспекі.

Спецыялісты службаў прафілактыкі раёна просяць жыхароў таксама не заставацца раўнадушнымі да праблемы і паведамляць на тэлефоны 115 або 101 аб наяўнасці ў сваіх населеных пунктах небяспечных калодзежаў, люкаў, электрашчыткоў і іншых збудаванняў у адкрытым доступе. Па ўсіх фактах будуць прымацца аператыўныя меры рэагавання. Магчыма, ваш званок уратуе каму-небудзь жыццё.

Ірына ЛЕАНІДАВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga