Набываеш машыну – правер VIN-нумар

Важнае Грамадства

Здараецца, што радасць ад пакупкі аўтамабіля, пра які марыў ужо даўно, абарочваецца нечаканымі праблемамі.

Што трэба ведаць, каб гэтага не адбылося?

Пры зверцы маркіровачных абазначэнняў у МРЭА ДАІ і на станцыях дыягностыкі ў час тэхаглядаў, калі ў інспектараў узнікаюць сумненні ў сапраўднасці VIN-нумара транспартнага сродку ці ён па нейкай прычыне не чытаецца (ранейшыя рамонтныя работы, каразійнае змяненне металу), то ўладальнікаў такіх транспартных сродкаў накіроўваюць на экспертызу ў Слонімскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Рэспублікі Беларусь. Для правядзення падобных даследаванняў у аддзел нярэдка звяртаюцца са Следчага і Мытнага камітэтаў, калі пры расследаванні крымінальных спраў выяўляюцца факты незаконнага ўвозу аўтамабіля ў нашу краіну.

З пачатку 2022 года ў аддзеле праведзена ўжо больш за 40 такіх экспертызаў. Штомесяц паступае па 5-7 зваротаў для выканання гэтага віду даследаванняў. Звяртаюцца жыхары Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў. Сітуацыі бываюць розныя, але заўсёды знаходзяцца спосабы вызначыць сапраўднасць ідэнтыфікацыйных маркіровачных пазначэнняў транспартных сродкаў.

Як правіла “павёўшыся” на танную цану машыны і “салодкія” словы прадаўца, пакупнікі спяшаюцца хутчэй набыць аўтамабіль. Пры гэтым абмяжоўваюцца толькі беглай праверкай яго тэхнічнага стану, а вось VIN-нумар аўто нават не глядзяць па няведанні ці лічачы гэта лішнім. Пры пастаноўцы ж на ўлік у МРЭА ДАІ высвятляецца, што аўтамабіль знаходзіцца ва ўгоне або пад залогам у банка, ці ўвогуле VIN-нумар прывараны на яго з аўтамабіля-“донара”. У выніку, набыццё “машыны сваёй мары” можа скончыцца вялікімі непрыемнасцямі.

Супрацоўнікі дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў раяць грамадзянам пры пакупцы аўтамабіля праводзіць поўны комплекс даследаванняў. Абавязкова вызначыць, у якім годзе машына апынулася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і з якой краіны яна прыбыла. Гэта неабходна ведаць, каб максімальна засцерагчы сябе.

Экспертызы ідэнтыфікацыйных маркіровачных пазначэнняў транспартных сродкаў праводзяцца на дагаворнай аснове. Па ўсіх пытаннях іх правядзення можна звяртацца на адрас: г. Слонім, вул. Зялёная, 14. Тэлефоны для даведак: 2-78-10, 2-78-13.

Варта ведаць:

VIN-нумар – гэта код з 17 знакаў (лічбаў і літар), які прысвойваецца транспартнаму сродку яшчэ на заводзе-вытворцы. Кожны знак нясе пэўную інфармацыю: аб краіне вытворчасці, тыпе кузава, мадэлі, годзе выпуску, камплектацыі і іншую. Як правіла, ідэнтыфікацыйны нумар наносіцца вытворцам на метал пад капотам. Аднак, часам яго можна сустрэць у багажніку, пад сядзеннямі і іншых месцах. Ёсць у транспарце і патаемныя месцы, дзе код з лічбаў і літар прадубляваны. Часам, каб дабрацца да іх, спецыялісту трэба разабраць салон ці зняць элементы кузава. Даныя захоўваюцца і ў электронным блоку кіравання аўтамабіля.

Валянцін СКРЫПКО,
начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертызаў Слонімскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga