Датэрміновая пенсія для пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пытанне: каму і пры якіх умовах прадастаўляецца права датэрмінова выйсці на пенсію па ўзросце па законе аб абароне пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы?

Адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава:

Пенсійнае забеспячэнне асобаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і членаў іх сем’яў ажыццяўляецца з улікам нормаў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый” (далей – закон аб ЧАЭС).

Удзельнікаў ліквідацыі дзеляць на дзве катэгорыі:

удзельнікі ліквідацыі, занятыя на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах 10-кіламетровай зоны;

удзельнікі ліквідацыі, занятыя на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах зоны эвакуацыі (адчужэння), удзельнікі ліквідацыі іншых радыяцыйных аварый.

Удзельнікам ліквідацыі, занятым на работах у межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе або не менш за 10 сутак у 1987 годзе, прадастаўляецца права на датэрміновую пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 10 гадоў пры наяўнасці стажу работы не менш за 20 гадоў у жанчын і не менш за 25 гадоў у мужчын (частка 1 артыкула 32 закона аб ЧАЭС).

Дакументамі, якія пацвярджаюць права на пенсію на гэтай падставе, з’яўляюцца: пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (з прадастаўленнем ільгот па артыкуле 19 закона аб ЧАЭС); дакументы, якія пацвярджаюць факт (у 1986 годзе) ці перыяд (у 1987 годзе) работы ў межах 10-кіламетровай зоны.

Адпаведна пункту 26 Палажэння аб парадку пацвярджэння і падліку стажу работы для назначэння пенсій, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 снежня 1992 года № 777 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2006 года № 1508 (далей – Палажэнне), час работы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у межах 10-кіламетровай зоны пацвярджаецца даведкамі наймальнікаў, у якіх захоўваюцца першасныя дакументы аб гэтай рабоце, а таксама даведкамі архіўных установаў. У даведцы павінны быць пазначаны перыяды работы па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, зона радыяцыйнага забруджвання, назвы населеных пунктаў, у якіх праходзіла работа, першасныя дакументы, на падставе якіх выдадзена даведка. Падставай для выдачы даведкі могуць служыць камандзіровачныя пасведчанні з пазнакай аб знаходжанні ў адпаведных зонах, ваенны білет і іншыя дакументы, якія ўтрымліваюць неабходныя звесткі.

З дня аварыі на ЧАЭС прайшло шмат часу, і першасныя дакументы захаваліся не ва ўсіх наймальнікаў. У такіх выпадках для атрымання права на датэрміновую пенсію неабходна звяртацца ў суд.

Для ўдзельнікаў, занятых на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах зоны эвакуацыі (адчужэння), прадугледжаны іншыя ўмовы прызначэння датэрміновай пенсіі па ўзросце. Пенсія ім назначаецца са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў пры ўмове надыходу інваліднасці, незалежна ад яе прычыны і групы (акрамя грамадзян, інваліднасць якіх надышла ў выніку ўчынення імі вінаватых супрацьпраўных дзеянняў). Акрамя таго, для прызначэння гэтай пенсіі патрабуецца наяўнасць стажу работы не менш за 20 гадоў у жанчын і не менш за 25 гадоў у мужчын.

На аналагічных умовах прызначаецца датэрміновая пенсія па ўзросце грамадзянам, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі аварый і іх наступстваў на іншых атамных аб’ектах грамадзянскага або ваеннага прызначэння, а таксама ў выпрабаваннях, вучэннях, іншых работах, звязаных з любымі відамі ядзерных установак, уключаючы ядзерную зброю.

Дакументамі, якія пацвярджаюць права на пенсію на гэтай падставе, з’яўляюцца: пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (з прадастаўленнем ільгот па артыкуле 19 закона аб ЧАЭС); заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі.

Права на датэрміновую пенсію па ўзросце на 10 гадоў раней за агульнавызначаны пенсійны ўзрост прадастаўлена таксама грамадзянам, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, інвалідам з-за катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый (артыкул 33 закона аб ЧАЭС). Пры гэтым мужчынам яна прызначаецца пры стажы работы не менш за 20 гадоў, жанчынам – не менш за 15 гадоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup