Юбілеі бываюць розныя, але не любы з іх можа стаць нагодай для святкавання і гонару за мінулае.
Напрыклад, Польшча сёлета святкуе 80-ю гадавіну стварэння Арміі Краёвай. Як гэта ні жахліва, але ў суседняй краіне аддаюць пашану ветэранам-акаўцам, якіх узвялі амаль што ў статус галоўных вызваліцеляў. Тым, каго беларусы (ды і не толькі) называюць нацысцкімі злачынцамі, становяцца новымі героямі нашага часу. Вось хто, аказваецца, ратаваў Польшчу ад “карычневай чумы”, а зусім не савецкія чырвонаармейцы, якія аддавалі свае жыцці ў чужой краіне.
Паводле захаваных звестак Цэнтральнага архіва Мінабароны Расійскай Федэрацыі пры вызваленні Польшчы загінула больш за 477 тысяч савецкіх вайскоўцаў. Ці думалі яны, паміраючы за свабоду чужой зямлі і польскага насельніцтва, што нават памяць пра іх у гэтай краіне ўсяго праз некалькі дзясяткаў гадоў паспрабуюць знішчыць, сцерці з твару зямлі.
Пяць гадоў таму ў Польшчы быў прыняты закон, які абавязвае зносіць помнікі савецкім воінам. Гэта кашчунства нават трансліруюць у прамым эфіры тэлеканалаў. Пра гэта не пасаромеўся абвясціць Польскі Інстытут нацыянальнай памяці, перад тым, як былі знесены гранітныя пліты ў шэрагу населеных пунктаў. Асабліва ўразіла, што, напрыклад, у Злотуве пад знішчаным манументам былі пахаваны не толькі 9 чырвонаармейцаў, якія загінулі 30-31 студзеня 1945 года ў баях за вызваленне гэтага населенага пункта, але яшчэ і 99 жаўнераў 1-й арміі Войска Польскага (так было напісана на камені). Аказваецца, у краіне-суседцы нават сваіх загінулых грамадзян не шкадуюць – маўляў, не на тым баку ваявалі?
У Беларусі заўсёды з павагай ставіліся да месцаў пахавання, мемарыяльных знакаў і збудаванняў. Таму зарэгістраваным воінскім пахаванням на нашай зямлі нішто не пагражае.
Ну а тыя магілы, якія мемарыяльнымі не з’яўляюцца, цалкам могуць быць перанесены на іншае месца, калі таго патрабуе заканадаўства.
На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна няма магілаў акаўцаў. Аднак і нашы землякі павінны разумець тыя працэсы, ведаць тыя “непрыемныя тэмы”, якія стараюцца навязаць сучаснаму беларускаму грамадству.
Родную гісторыю абавязкова трэба вывучаць, каб з цягам часу месца сапраўдных герояў у нашай свядомасці не занялі тыя, хто паліваў беларускую зямлю крывёю нашых прабабуляў і прадзядуляў.
Не трэба аддаваць пашану ваенным злачынцам, бо забытая гісторыя ўжо не раз нагадвала пра сябе паўторам пройдзенага.
Калі абяляць нацызм, мы рызыкуем зноў трапіць пад яго цяжкія боты, быць няўмольна закатаванымі, растаптанымі, знікнуць з твару Зямлі безыменнымі ахвярамі.
Падрыхтавала Ірына ЛЕАНІДАВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga