На бульбе і ў садзе – працуем у студатрадзе

Важнае Грамадства

Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык расказала, што сёлета на Дзятлаўшчыне ёсць магчымасць далучыць да студатрадаўскага руху 150 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 гадоў і старэйшых.

Працаваць у атрадах маладыя людзі будуць па заяўным прынцыпе, і многае залежыць ад эпідэміялагічнай сітуацыі. Тым не менш, у раённым штабе працоўных спраў ужо назапашваюцца заяўкі нашых юных землякоў.

Карэспандэнтка газеты патэлефанавала самым актыўным на працягу апошніх некалькіх гадоў студатрадаўцам – навучэнцам Гезгалаўскай сярэдняй школы, каб пацікавіцца, чым іх прываблівае працоўны семестр.

Наталля Ліцкевіч, настаўніца, яна ж камандзір атрада:

– На працягу некалькіх гадоў Гезгалаўская сярэдняя школа прымае актыўны ўдзел у студатрадаўскім руху. Я з’яўляюся камандзірам працоўнага атрада ўжо трэці год запар. На сельскагаспадарчых работах у КСУП “Жукоўшчына” ў час працоўнага семестра звычайна задзейнічаны 25-30 навучэнцаў нашай установы. Гаспадарка запрашае школьнікаў працаваць у садзе, ажыццяўляць відавую праполку, капаць бульбу, убіраць агародніну. Многія дзеці – старанныя работнікі, не прапускаюць ні дня працы. Такіх мы звычайна ўзнагароджваем граматамі “за поспехі ў сельскагаспадарчых работах” і ўшаноўваем на лінейцы.

Я ўпэўнена, што студатрадаўскі рух дапамагае дзецям развіваць ініцыятыву, спрыяе набыццю карысных навыкаў і сацыялізацыі непаўналетніх. У адным атрадзе збіраюцца навучэнцы 9-11 класаў, і на полі яны – адна дружная згуртаваная каманда. Звычайна гезгалаўскія школьнікі становяцца лідарамі на копцы бульбы, і гэта вынік зладжанай працы хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэтым працоўным семестры сваім студатрадаўцам я таксама жадаю не збаўляць тэмпаў, не губляць лідзіруючых пазіцый і прадаўжаць быць камандай. Як у кожным працоўным сезоне, мы зробім шмат яркіх фотаздымкаў, якія па добрай традыцыі размесцім у нашай групе “ВКонтакте” “Піянерская галактыка”, каб іх маглі паглядзець дзеці і бацькі, каб тыя навучэнцы, каму спаўняецца 14 гадоў, таксама з задавальненнем далучаліся да студатрадаўскага руху.

Андрэй Папоў, выпускнік:

– З 14 гадоў я быў пастаянным удзельнікам студатрадаўскага руху ў нашай школе. Сёлета збіраюся паступаць, але калі з’явіцца свабодны час і магчымасць папрацаваць – абавязкова ёю скарыстаюся. Лічу, што працоўнае лета развівае нас фізічна, дапамагае набыць новы вопыт і карысныя навыкі. Упэўнены, што моладзь павінна дапамагаць дарослым, бо ў іх ёсць карысны вопыт, які нам варта пераймаць, ён абавязкова спатрэбіцца ў жыцці. Яшчэ адзін “плюс” працоўнага лета – уласны заробак. Я, напрыклад, заўсёды траціў заробленыя грошы на падрыхтоўку да школы. Калі паступлю вучыцца, мяркую прадоўжыць удзел у студатрадаўскім руху, калі будзе такая магчымасць. Моладзі летам раю таксама не ўхіляцца ад работы: паверце, часу на адпачынак у вас абавязкова хопіць.

Ангеліна Грэцкая, 10 клас:

– Як толькі дазволіў узрост, я запісалася ў працоўны атрад, і за плячыма ўжо некалькі сезонаў работы. Далучыцца да студатрадаўскага руху прапанавала наша настаўніца і камандзір атрада Наталля Анатольеўна Ліцкевіч, за што я ёй вельмі ўдзячна. Мне падабаецца карысна бавіць час разам з сябрамі, а заадно зарабляць грошы. У маёй “працоўнай скарбонцы” розныя віды дзейнасці: ад копкі бульбы  і збору яблыкаў да пасадкі лесу і валанцёрства. Дарэчы, жыццё нашай школьнай пярвічкі ГА “БРСМ” вельмі актыўнае: мы пастаянна дапамагаем пажылым людзям, стараемся іх падтрымліваць, тым больш, што ў Гезгалах ёсць дом і кватэра сумеснага самастойнага пражывання для пажылых людзей. Мае бацькі станоўча адносяцца да таго, што я імкнуся папрацаваць на канікулах, лічаць, што гэта карысна. А ў мяне і маіх сяброў ад кожнай студатрадаўскай змены застаюцца добрыя ўспаміны. І гэтым летам я жадаю моладзі браць з нас прыклад: запісацца ў студатрад або проста дапамагаць пажылым людзям, бо ў час складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ім неабходна наша падтрымка.

Анастасія Лашчэўская, выпускніца:

– У студатрадаўскім руху удзельнічаю ўжо некалькі гадоў запар. Я член школьнай пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”, і мяне пастаянна запрашалі ў працоўны атрад. Мы з сябрамі пабылі на відавой праполцы, копцы бульбы, уборцы ўраджаю яблыкаў у садзе КСУП “Жукоўшчына”. І заўсёды нам было цікава працаваць разам. Вядома, што і гаспадарцы ў сезон без лішніх рук абысціся складана, таму карысць ад часовай занятасці школьнікаў – двайная. У гэтым годзе збіраюся паступаць у ВНУ, калі і там мне прапануюць паўдзельнічаць у студатрадаўскім руху, буду толькі “за”. Заробленыя грошы я звычайна часткова аддавала бацькам, а часткова выкарыстоўвала на ўласныя патрэбы, нават плаціла за паслугі рэпетытара. Гэта зручна: папрацаваць і атрымаць новы вопыт, а на заробленыя грошы – атрымаць яшчэ і новыя веды. Бацькі таксама прытрымліваюцца той пазіцыі, што пасільная праца нікому не шкодзіць. Летам я жадаю сваім равеснікам – паспяховага паступлення, а тым, хто прадоўжыць вучобу, – дапамагаць бацькам і правесці час з карысцю: чытаць кнігі, працаваць, назапашваць новыя веды і навыкі.

Нашу размову са студатрадаўцамі падрахункавала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Яна выказала словы падзякі арганізацыям Дзятлаўскага раёна, якія бяруць на работу моладзь ва ўзросце ад 14 гадоў. Зразумела, што маладым работнікам патрабуецца павышаная ўвага з боку наймальнікаў, аднак у працэсе працы яны могуць набыць карысны вопыт і зрабіць свой, няхай пакуль яшчэ невялікі ўклад, у агульную справу, у развіццё эканомікі раёна. Таксама Кацярына Уладзіміраўна падзякавала намеснікам кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, бо яны шмат увагі надаюць таму, каб разам з працоўным вопытам студатрадаўцы набылі яшчэ і карысныя веды пра арганізацыю, дзе працуюць, а, магчыма, і зацікавіліся сельскагаспадарчай прафесіяй. Словы ўдзячнасці моладзевы лідар адрасавала і самім студатрадаўцам за іх стараннасць, ахвоту, працоўную дысцыпліну, а таксама пажадала далейшых поспехаў у рабоце і ціквага працоўнага семестра-2020 на Дзятлаўшчыне.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі з архіву працоўнага атрада Гезгалаўскай сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup