Віктар Сушчэвіч: “Сёння нам вырашаць, што пакінем на памяць нашчадкам”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У Год гістарычнай памяці на Дзятлаўшчыне адбылася адметная падзея: у гарпасёлку Наваельня завяршылася рэстаўрацыя мемарыяльнай калоны 18 стагоддзя ў гонар Антонія Тызенгаўза, нашага земляка, палітычнага і грамадскага дзеяча, рэфарматара,  вядомага на ўсю Еўропу.

Сёння ўбачыць адметнасць у яе першапачатковым гістарычным выглядзе могуць як мясцовыя жыхары, так і турысты, госці нашага раёна.

Загарэўся ідэяй аднавіць калону, сабраў каманду аднадумцаў і паспяхова ажыццявіў праект кандыдат медыцынскіх навук, ураджэнец гарпасёлка Наваельня Віктар Сушчэвіч. За ініцыятыўнасць, неабыякавасць, клопат аб захаванні гісторыі роднага краю  ён быў адзначаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў, якую ўручыў яму старшыня Аляксандр Бараноўскі ў час сустрэчы ў Новаяльнянскім сельвыканкаме. Віктар Віктаравіч расказаў пра сваю малую радзіму, ідэю рэстаўрацыі калоны Тызенгаўза, яе рэалізацыю, а таксама – планы і задумкі на будучыню.

– Цудоўны пасёлак Наваельня, што патанае ў зеляніне соснаў, – гэта мая малая радзіма: тут я нарадзіўся і вырас, скончыў школу, пасля якой паступіў у Мінскі медінстытут. Лёс склаўся так, што сваю працоўную дзейнасць  пачынаў на Дзятлаўшчыне ў якасці доктара-эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Зусім нядаўна, у 2020 годзе, які быў абвешчаны ў Беларусі Годам малой радзімы, я быў на экскурсіі ў Гродне, дзе даведаўся пра знакамітага на ўсю Еўропу ў 18 стагоддзі нашага земляка графа Антонія Тызенгаўза, палітычнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, які нарадзіўся ў 1733 годзе ў Наваельні. Тут, на беразе ракі Маўчадкі, стаяла сядзіба Тызенгаўзаў, часткова яна захавалася да нашых дзён была пабудавана калона як знак палітычнай магутнасці і ўплыву на навакольныя землі роду Тызенгаўзаў. Ім належала вялікая тэрыторыя цяперашняй Беларусі: землі Дзятлаўскага, Навагрудскага, Іўеўскага раёнаў, а таксама Паставы Віцебскай вобласці, Белавежская пушча. У Гродне ёсць вуліца і плошча імя Антонія Тызенгаўза, а вось на сваёй малой радзіме, на маю думку, ён быў неапраўдана забыты. Рэстаўрацыя калоны стала маленькім укладам у скарбонку памяці аб гісторыі маёй малой радзімы. У наступным годзе спаўняецца 290 гадоў з дня нараджэння Антонія Тызенгаўза. Было б выдатна, калі б атрымалася зладзіць свята з фестывалем старадаўняй музыкі, даць мясцовым тапонімам імя знакамітага продка. У цяперашні момант зборам інфармацыі аб родзе Тызенгаўзаў займаецца  кіраўнік школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамара Крывеня, будзем спадзявацца, што атрымаецца адкрыць тэматычную экспазіцыю ў Наваельні.

– Як атрымалася здзейсніць задуманае? Хто дапамагаў вам у аднаўленні калоны Тызенгаўза?

– Пачалося ўсё з ідэі, да якой у адзін момант, раптам стала прыцягвацца патрэбная інфармацыя, у маім асяроддзі з’явіліся людзі, для якіх наша слаўнае мінулае не проста гісторыя, а сэнс жыцця. Людзі, якія раней не ведалі пра Наваельню нічога, сабраліся ў адну каманду, якая змагла знайсці матэрыяльныя і тэхнічныя рэсурсы для аднаўлення калоны Тызенгаўза.

Работы былі рэстаўрацыйныя, а не проста будаўнічыя, таму ішлі амаль год. У працэсе мы звярталіся па кансультацыю ва ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі. Спачатку былі праведзены архіўныя пошукі калон і крыжоў 18 стагоддзя, бо верхняя частка калоны была разбурана цалкам і нельга было зразумець, як яна выглядала. Хацелася аднавіць калону ў яе аўтарскім, першапачатковым выглядзе, як было ў 18 стагоддзі. Сучасная цэгла таксама не падыходзіла для работ, таму давялося шукаць матэрыял, таксама закупілі спецыяльныя растворы і насычэнні, якія выкарыстоўваюцца ў рэстаўрацыі. Акрамя аднаўлення самой калоны, мы правялі ўмацаванне падмурка. Работы выконваліся прафесійнымі рэстаўратарамі. Асабліва хацелася б адзначыць вялікі ўклад у справу дырэктара ЧТУП “МасБуд” Аляксандра Масальскага, брыгадзіра Васіля Кучму, чыя брыгада непасрэдна выконвала работы, вядучага інжынера мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Сяргея Крука – чалавека, які адказваў практычна за ўсё. Дзякуючы такой стыхійна сабранай, але зладжанай камандзе ўдалося рэалізаваць гістарычна значны праект “Калона Тызенгаўза” для маёй малой радзімы. Словы ўдзячнасці за ўдзел у арганізацыі работ па аднаўленні калоны хачу адрасаваць старшыні Новаяльнянскага сельскага выканкама Людміле Радзевіч, без яе дапамогі было б складаней справіцца. Таксама, асабліва на старце работ, шэраг пытанняў было вырашана дзякуючы падтрымцы старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

– Наколькі важна, на вашу думку, аднаўляць гістарычныя аб’екты ў рэгіёнах?

– Жыццёвы шлях кожнага з нас пакіне след на зямлі. Якім ён будзе, залежыць ад светапогляду і духоўнасці чалавека. Нехта дбае толькі пра сябе, а нехта – пра славу Радзімы, жыве дзеля будучыні нашчадкаў. Кожны чалавек прыходзіць на зямлю ў пэўны гістарычны перыяд часу, каб прайсці дарогу свайго жыцця, свайго лёсу і пакінуць свой след на зямлі. Паглядзіце навокал: вы бачыце будынкі, узведзеныя нашымі бацькамі, дзядамі і прадзедамі, гэта наша гісторыя. Пакаленні змяняюць адзін аднаго, за намі ўжо ідуць па сваім шляху нашы дзеці і ўнукі. І нам тут і цяпер вырашаць, што мы пакінем ім на памяць аб малой радзіме.

Будзем спадзявацца, што прыйдзе час і будзе адноўлена сядзіба Тызенгаўзаў, падмурак і рэшткі сцен якой усё ж захаваліся да нашых дзён. А пакуль – добраўпарадкуем тэрыторыю вакол калоны, высадзім новы сквер і зладзім свята ў 2023 годзе ў гонар 290-годдзя з дня нараджэння Антонія Тызенгаўза. Да калоны, дарэчы, пастаянна заязджаюць турысты. Пра гэта расказваюць і мясцовыя жыхары, ёсць водгукі ў інтэрнэце. Думаю, яна зойме дастойнае месца сярод турыстычных аб’ектаў Дзятлаўскага раёна.

Наталля АВЯРЧУК
Фотаздымкі прадастаўлены Новаяльнянскім сельвыканкамам, Віктарам Сушчэвічам

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: