Восеньскімі днямі свае падарожжы па Дзятлаўшчыне прадаўжае праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізоўвае сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
На гэты раз у артыстаў выдалася прыемная нагода – наведацца ў вёску Труханавічы, дзе свой 60-ы юбілейны дзень нараджэння адзначала наша зямлячка Ганна Емяльянчык. Душэўныя віншаванні і вясёлыя песні ў жывым выкананні прагучалі на адрас імянінніцы ад Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук, Марыны Варган, Івана Кашко. У кожнага ўзросту свая прыгажосць, і ў “залатыя гады” госці жадалі Ганне Васільеўне, каб моцным заставалася здароўе і бадзёрым дух, каб пад дахам яе хаты весела гучалі галасы ўнукаў, якім юбілярка аддае столькі сваёй пяшчоты і любові, каб больш было нагодаў радавацца і ўсміхацца, каб на парог завітвалі толькі добрыя людзі.
У дзень юбілею Ганну Васільеўну радавалі не толькі госці, але і яснае надвор’е, прыгожыя восеньскія кветкі, якія вырошчвае каля дома імянінніца. А яшчэ яна расказала, што ў вольныя хвілінкі любіць пачытаць цікавую кніжку, вязаць і вышываць, праводзіць час з унукамі або гатаваць што-небудзь смачнае.
Нарадзілася Ганна Емяльянчык (у дзявоцтве Канапінь) тут жа, у Труханавічах. Яе бацькі Васіль Іванавіч і Ніна Іосіфаўна працавалі ў мясцовым калгасе “Зара”, дома трымалі добрую гаспадарку, таму тры іх дачкі жылі ў дастатку.
У 1969 годзе Ганна стала першакласніцай мясцовай школы, а старэйшыя класы заканчвала ў Вензаўцы. Затым паступіла ў Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, адразу пасля навучання выйшла замуж і паехала ў расійскі горад Таганрог, што на Растоўшчыне. Праўда, сямейнае жыццё не заладзілася, здарылася адбылася і асабістая трагедыя.
Аправіцца ад душэўнага болю дапамаглі родныя мясціны, куды вярнулася на пастаяннае жыццё. На Дзятлаўшчыне працавала да пенсіі ў некалькіх арганізацыях і сельгаспрадпрыемстве. Тут жа сустрэла другога мужа Анатоля, выгадавала дачку Таццяну і стала шчаслівай бабуляй пяцярых унукаў. На жаль, побач ужо няма другой палавінкі, але сумаваць не даюць родныя людзі, ды і на пенсіі ў вясковай хаце і на ўчастку заўсёды ёсць чым заняцца.
Юбілярка шчыра падзякавала артыстам за песні, цёплыя словы і добры настрой, пажадала ім і ўсім землякам міру, дабра і чыстага неба над галавой.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga