У саставе дэлегацыі Дзятлаўшчыны на абласных “Дажынках” у Вялікай Бераставіцы прысутнічаў наш зямляк, трактарыст-машыніст КСУП “Хвінявічы” Анатоль Марук.
За шматгадовую плённую працу ў земляробстве раёна ён быў адзначаны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
Сам Анатоль Яўгенавіч лічыць прыемным, што яго сумленную амаль саракагадовую працу ў сельскай гаспадарцы чарговы раз ацанілі на высокім узроўні. Аднак аграрны сезон яшчэ не завершаны, і за невялікай святочнай паўзай зноў надыходзяць напружаныя будні ў клопатах аб зямлі-карміліцы.
Каб пагутарыць з заслужаным механізатарам, даводзіцца ехаць у поле, дзе ён цяпер займаецца ворывам на сваім верным МТЗ 3022. Гарачую пару жніва мужчына, як і многія іншыя аграрыі КСУП “Хвінявічы”, правёў на камбайне, працаваў на новенькай айчыннай “Лідзе” мінулага года выпуску. Зрабіўшы кароткі перапынак у штодзённых клопатах, мужчына расказаў пра сябе, сям’ю, адносіны да работы на зямлі.
Анатоль Марук нарадзіўся ў Латышах, што на Дзятлаўшчыне, правёў дзяцінства, аб якім сучасныя хлапчукі могуць толькі марыць.
– У маім жыцці было больш школ, чым у некаторых людзей інстытутаў, – жартуе мужчына. Спачатку вучыўся тры пачатковыя класы ў Калпінскіх, што ў нашым раёне, затым – у васьмігодцы ў Панямонцах, што на Лідчыне, а старэйшыя класы – у Моцевічах, таксама Лідскага раёна. У школу даводзілася дабірацца праз Нёман на лодцы, штораз гэта былі сапраўдныя прыгоды.
Сярэднюю школу Анатоль Яўгенавіч скончыў з правамі трактарыста, чым адразу скарыстаўся для працаўладкавання. Ён добра помніць першы свой трактар МТЗ 50, на якім пачынаў працоўную дзейнасць у тагачасным саўгасе “Парэчча”.
Па накіраванні ваеннага камісарыята мужчына адвучыўся на курсах, атрымаў правы вадзіцеля. Больш чым на два гады пакінуў родныя мясціны для праходжання тэрміновай службы ў войску. А калі ў 1985 годзе дэмабілізаваўся, вярнуўся на працу ў “Парэчча” вадзіцелем.
Маладосць давала сілаў і энергіі не толькі на працу, але і на актыўны адпачынак.
– Усё рабілі з запалам, з настроем: днём робіш – увечары на танцы ідзеш, стараліся ўсё паспець, – узгадвае Анатоль Яўгенавіч.
У 90-я гады, калі заняткаў для вадзіцеля ў гаспадарцы стала менш, мужчына вярнуўся да работы механізатарам.
– Спачатку дапамагаў сваім пакрыху – недзе пасеяць, заараць, а потым і зусім перасеў за руль трактара, – кажа ён.
У халасцяках доўга хадзіць таксама не давялося: праз два гады пасля арміі мужчына сустрэў сваю адзіную каханую жанчыну ў роднай старонцы. Стварылі сям’ю, звілі ў Хвінявічах сваё ўтульнае гняздзечка, нарадзілі ў шчаслівым шлюбе трох дачок, дачакаліся ўнукаў. А вось на тое, што на працы “дзедам” клічуць, малажавы мужчына ў росквіце гадоў не крыўдзіцца:
– Чаго ж засмучацца, калі я і праўда багаты дзед: ажно пяцёра ўнукаў. А хутка стану яшчэ багацейшым — наша вялікая сям’я папоўніцца, – кажа механізатар.
Усё жыццё прысвяціўшы рабоце ў сельскай гаспадарцы свайго раёна, Анатоль Марук ні на хвіліну не шкадуе аб тым, што аграрная галіна выбрала яго. Нягледзячы на вялікі вопыт і важкія працоўныя дасягненні, ён не збіраецца пакідаць любімую справу, пакуль патрэбен сельскай гаспадарцы:
– Што будзем есці, калі не будзем працаваць на зямлі? – разважае Анатоль Яўгенавіч. – У некага добра атрымліваецца гандляваць, а ў нас – вырошчваць хлеб, чым і ганарымся.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі Юшкевіч
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga