Дзятлаўчане ўзнагароджаны на абласных “Дажынках”

Галоўнае Грамадства

У дэлегацыю Дзятлаўшчыны на абласных “Дажынках-2022” увайшлі выдатныя прадстаўнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці раёна, якія сваёй плённай працай праславілі малую радзіму.

На ўрачыстай цырымоніі ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу, якая праходзіла ў Вялікай Бераставіцы, былі адзначаны хлебаробы, працаўнікі жывёлагадоўлі, прадстаўнікі іншых прафесій, дзякуючы працы якіх Гродзеншчына дасягнула высокага выніку. Сярод тых, хто атрымаў заслужаныя ўзнагароды, нямала дзятлаўчан. Падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання быў адзначаны начальнік механізаванага атраду ААТ “Дварэцкі льнозавод” Рэнат Гранкоўскі; Падзякай Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – дырэктар КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі і дырэктар ААТ “Дварэцкі льнозавод” Аляксей Зелянуха. Ганаровую грамату Гродзенскага аблвыканкама ўручылі трактарысту-машыністу КСУП “Жукоўшчына” Аляксандру Аўцынаву; Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў – трактарысту-машыністу КСУП “Хвінявічы” Анатолю Маруку. Вадзіцель ААТ “Граніт-Агра” Віталь Макарчук заняў 3 месца ў абласным спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў. Спецыяльную ўзнагароду ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь атрымаў дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко.

Удзельнікі абласных “Дажынак-2022” падзяліліся сваімі ўражаннямі ад свята ўраджаю і добрым настроем.

Мікалай Бубноўскі:

– Абласныя “Дажынкі” ў Вялікай Бераставіцы – гучная падзея з вялікім святочным размахам. Прыемна на адзін дзень акунуцца ў эпіцэнтр прыгажосці, смаку і весялосці. Тым больш пачэсна, што ў дэлегацыю раёна таксама ўвайшоў выдатны работнік нашага КСУП “Хвінявічы” трактарыст-машыніст Анатоль Марук, які за добрыя вынікі на жніве адзначаны высокай узнагародай. Спадзяюся, нашы аграрыі сёння тут добра адпачнуць, з прыемнасцю пабавяць час, атрымаюць зарад энергіі і пазітыву на ўвесь наступны сельскагаспадарчы год.

Аляксандр Аўцынаў:

– Працую на жніве ўжо 13 гадоў, дзесяцігоддзе з іх камбайнерам. Сёлетні сезон закончыў з тысячным вынікам за рулём айчыннага камбайна КЗС 1218. За працу я неаднойчы атрымліваў узнагароды ў сваім раёне, а вось на абласным свяце прысутнічаю ўпершыню. Вельмі ўсё падабаецца – і канцэрт, і падворкі, і гандлёвыя кропкі, і забаўляльная праграма. Хочацца пабываць паўсюль і пабачыць як мага больш. Не забудуся і пра гасцінцы для сваёй сям’і, якая чакае мяне дома.

Віталь Макарчук:

– Сёлета ўпершыню прымаў удзел як у раённых, так і абласных “Дажынках”. Працую вадзіцелем у КСУП “Граніт-Агра” пяць гадоў і, шчыра кажучы, ніколі не задумваўся аб узнагародах, стараўся проста добра працаваць. Парадавала прэмія за вынік на жніве, якую атрымаў ад сваёй гаспадаркі. Сёння было невялікае хваляванне, калі паднімаўся на сцэну атрымліваць узнагароду на вачах у аграрыяў з усёй вобласці, многія з якіх больш вопытныя за мяне. На свяце вельмі ўразіў канцэрт, падрыхтаваны артыстамі Гродзеншчыны.

Аляксей Зелянуха:

– На свята прыехалі разам з землякамі, у дэлегацыі і мой падначалены, вопытны начальнік механізаванага атраду нашага прадпрыемства Рэнат Гранкоўскі, ён таксама ў ліку тых, хто атрымлівае ўзнагароду. Усіх, каму пашчасціла тут пабываць, шчыра віншую са святам! Прыемна прысутнічаць на абласных “Дажынках” з урачыстай місіяй, але адпачываць і гуляць у мяне асабліва няма часу. Спяшаюся вярнуцца дадому, бо ўборка лёну ў раёне яшчэ актыўна ідзе, я павінен быць са сваім калектывам у гэту гарачую пару.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga