12 верасня 2011 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь”, а праз 5 гадоў яшчэ адзін, які папоўніў беларускі каляндар прафесійных святаў новай “чырвонай” датай – Днём супрацоўніка органаў папярэдняга следства, які таксама адзначаецца 12 верасня.
У чым адметнасць гэтай даты, расказала начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Таццяна Пратаковіч:
– Раней следчыя былі ў саставе ўсіх праваахоўных структур, а ў 2011 іх вылучылі ў асобную – Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. З’яўленне нашага ведамства паспрыяла павышэнню аб’ектыўнасці і аператыўнасці пры расследаванні крымінальных спраў любой складанасці, забеспячэнню законнасці пры абароне правоў грамадзян.
Сумленнасць, прынцыповасць, аб’ектыўнасць – гэта аснова работы следчага, у якой не бывае дробязяў. Кожнае рашэнне нашых супрацоўнікаў павінна быць вывераным і ўзважаным, бо за ім – людскія лёсы. Прыемна адзначыць, што сёлета, як і летась, у нашым аддзеле не было незаконных прыцягненняў грамадзян да адказнасці, як і апраўдальных прыгавораў у судзе па нашых справах, і гэта паказчык якасці работы ўсяго калектыву. Не стану прыводзіць лічбы, зазначу, што і па выніковасці работы ў вобласці мы знаходзімся ў “залатой сярэдзіне”, гэта нягледзячы на рост злачыннасці, які назіраецца ў раёне, некамплект і павышаную нагрузку на супрацоўнікаў, якія былі на працягу 6 месяцаў.
Радуе, што цяпер наш калектыў укамплектаваны, яго папоўнілі два маладыя супрацоўнікі: выпускнік следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, лейтэнант юстыцыі Аляксей Клок і выпускніца юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вольга Жыбко.
– Таццяна Аляксандраўна, а які ў цэлым ваш калектыў?
– Ён згуртаваны, надзейны, працаздольны. Усе супрацоўнікі на высокім прафесійным узроўні выконваюць свае абавязкі. Дзякуючы ўмеламу спалучэнню юрыдычных ведаў, псіхалагічных падыходаў, скрупулёзнаму збору доказаў, разумнай ацэнцы фактаў, якасна і аператыўна вырашаюцца пастаўленыя перад аддзелам задачы. Высокімі прафесійнымі якасцямі і арганізатарскімі здольнасцямі валодае мой намеснік – Дзмітрый Лупач. Больш за 20 гадоў у органах папярэдняга следства і з моманту стварэння нашага аддзела ў яго саставе працуюць граматныя і прынцыповыя следчыя Андрэй Лазута, Аляксандр Макуца, Міхаіл Шафарэвіч – усе яны таксама сапраўдныя прафесіяналы. Выдатна сябе зарэкамендавала за час работы інспектар па дакументацыйным забеспячэнні і дакументаабароце Вольга Лупач. З дня заснавання аддзела плённа працуе загадчыкам інтэнданцкай гаспадаркі былы супрацоўнік міліцыі Сяргей Яцкевіч. Адслужыўшы больш за 20 гадоў у следчых органах, першым з нашага калектыву на заслужаны адпачынак выйшаў Дзяніс Суша. Добрых словаў дастойны і іншыя нашы супрацоўнікі.
Адметна адзначыць, што многія, хто працаваў у нас раней, пайшлі на павышэнне ва ўпраўленне Следчага камітэта Гродзенскай вобласці і на вышэйстаячыя пасады. Сярод іх былы начальнік аддзела Мікалай Бародзіч, а таксама Арцём Антончык, Максім Літавар, Дзмітрый Бычко, Аляксей Заблоцкі, таму Дзятлаўскі раённы аддзел Следчага камітэта з гонарам можна назваць “кузняй прафесійных кадраў”.
– Чаго пажадаеце калегам да свята?
– Нягледзячы на тое, што работа следчага патрабуе пастаяннага фізічнага і маральнага напружання, гатоўнасці ў любую секунду выбыць на здарэнне любой складанасці, жадаю, каб яна заўжды прыносіла маральнае задавальненне за дапамогу людзям у вырашэнні іх праблем, таксама жадаю далейшых прафесійных поспехаў, моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, сямейнага дабрабыту, міру і шчасця.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga