Дар’я Лявошка: “Надзейная каманда – гарант поспеху”

Галоўнае Грамадства

З дыпломам трэцяй ступені з абласнога этапу VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года-2022” у намінацыі “Піянер года” вярнулася наша юная зямлячка, навучэнка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Дар’я Лявошка – пераможца раённага этапу.

Дар’я расказала аб сваім выступленні ў горадзе Гродне і паразважала, што ёй дапамагло ўвайсці ў тройку лепшых піянераў Прынёмання.

– Прызнацца, не чакала, што заваюю дыплом трэцяй ступені, бо ў мяне былі даволі сур’ёзныя і таленавітыя сапернікі з іншых раёнаў. Конкурс спадабаўся. Ён дапамог выпрабаваць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, даў матывацыю рухацца далей, імкнуцца да большага, паколькі побач знаходзіцца надзейная каманда пад сімвалічнай назвай “Я+5”. Гэта мае сябры-равеснікі Аляксандра Зайцава, Ульяна Гушча, Уладзіслаў Касцюкевіч, Арцём Залеўскі, Таццяна Дзедава, а таксама нашы педагогі, падтрымка якіх адчувалася на ўсіх этапах падрыхтоўкі.

– Якім з творчых заданняў планавала пакарыць журы?

– Найбольш спадзявалася на сцэнічнае выступленне “Талент”, паколькі яно дазваляла прадэманстраваць мае творчыя здольнасці, жывыя эмоцыі, якасці асобы і ўключала сцяг-шоу, удзел у якім прымаю даўно, неаднойчы з сябрамі займалі за такія выступленні прызавыя месцы. Яшчэ рыхтавала дынамічны танец і малюнак.

Станоўча журы ацаніла і маю “Візітоўку” з выкарыстаннем “эйфеляў” – геаметрычных фігур, да якіх былі прымацаваны мае фотаздымкі розных перыядаў: ад дзяцінства да ўдзелу ў школьным жыцці і валанцёрскім руху. Спадабалася і “TikTok-партфоліа” – відэанарэзка сюжэтаў аб школьных і грамадскіх справах, а для IQ-прэзентацыі мы выкарысталі вялікі папяровы шматграннік-выцінанку з сімволікай піянерыі і матывамі беларускага арнаменту.

– Ці лічыш ты сябе піянерам-лідарам, якія справы і праекты дапамагаюць самарэалізоўвацца?

– Так, я адчуваю ў сабе лідарскія якасці, бо дастаткова складана ўдзельнічаць у школьным самакіраванні і раённых праектах, пастаянна выступаць на сцэне за сваю ўстанову, аднак падобныя справы дадаюць упэўненасці і падштурхоўваюць да новых дасягненняў. Цяпер я навучэнка 8 класа, а ў будучым мару стаць лінгвістам, атрымаць вышэйшую адукацыю, для чаго прыкладаю ўсе намаганні.

– Чаго пажадаеш моладзі Дзятлаўшчыны?

– Найперш, здароўя, якое ў наш час стала каштоўным рэсурсам, а таксама не губляцца, рухацца да пастаўленай мэты, не спыняючыся на паўдарогі, і больш добрых людзей на жыццёвым шляху, бо надзейная каманда – гэта гарант поспеху.

Уражаннямі ад удзелу дзятлаўчанкі ў абласным этапе конкурсу “Піянер года” падзяліліся і педагогі Дар’і Лявошка.

Алена Рынгель, класны кіраўнік:

– Усе людзі ў чым-небудзь таленавітыя, аднак не кожны можа выявіць у сабе адоранасць. Сваім вучням я пастаянна нагадваю, што перад сабой трэба ставіць усё новыя мэты і павышаць планку. Многія скажуць, што дзіця само зразумее, чаго хоча, аднак любімы занятак большасці падлеткаў – сядзець дома з гаджэтам. І калі бацькі жадаюць, каб іх дзіця выступала на сцэне, валодала словам, жэстам, дасягала пэўных вяршыняў у творчасці, яго трэба прывесці ў наш калектыў. А прызёрка сёлетняга конкурсу “Піянер года” Дар’я – чалавек вельмі камунікабельны, добры, спакойны, яна заўсёды прыйдзе на дапамогу іншаму. Даша – яркая, жыццярадасная дзяўчынка, з багатым творчым патэнцыялам, які, я ўпэўнена, яна рэалізуе яшчэ не раз.

Ірына Мішчанка, старшыня раённага савета ГА “БРПА”:

– Агляд-конкурс “Лідар года” ў намінацыі “Піянер года” праводзіцца кожныя два гады, і дзятлаўчане – пастаянныя яго ўдзельнікі. Конкурс дапамагае навучэнцам праявіць крэатыў, лідарскія якасці, працаваць і перамагаць разам з камандай. Сёлетняе прызавое месца Дзятлаўскага раёна парадавала, бо мы старанна рыхтаваліся, імкнуліся паказаць на абласным этапе ўсё лепшае, што ў нас ёсць. Варта адзначыць, што дасягненнем для сябе лічым не толькі абласны дыплом трэцяй ступені, але і тое сяброўства, тыя навыкі работы ў калектыве, якія атрымалі за час падрыхтоўкі і выступлення.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga