Служаць і адпачываюць разам

Важнае Грамадства

Дваццаць дзве сям’і, якія прадстаўляюць калектывы органаў і падраздзяленняў унутраных спраў Гродзеншчыны, прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай акцыі МУС “Сям’я! Служым разам!”.

У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства была і сям’я Юшкевічаў з Дзятлава.

Гасцей акцыі сустракалі вясёлыя роставыя лялькі, з якімі можна было сфатаграфавацца, дзецям раздавалі рознакаляровыя паветраныя шары і прысмакі. Таксама ў фае ўсе жадаючыя змаглі азнаёміцца з мастацкай творчасцю дзяцей, чые мамы і таты служаць у міліцыі.

Прысутных павітаў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў.

– Для супрацоўніка органаў унутраных спраў дом – гэта не проста дах над галавой, а месца, дзе яго любяць, чакаюць, разумеюць і падтрымліваюць, гэта надзейны тыл і апора. Чым мацнейшая сям’я, тым больш эфектыўная прафесійная дзейнасць афіцэра, – падкрэсліў ён.

Палкоўнік міліцыі ўзнагародзіў канкурсантаў дыпломамі і ўручыў каштоўныя падарункі, кветкі і сувеніры, пажадаў усім моцнага здароўя, дабрабыту, спаўнення запаветных жаданняў і міру на зямлі. На завяршэнні цырымоніі кожная сям’я заклала “цаглінку” ў падмурак сімвалічнага Дома мары, пабудаванага агульнымі намаганнямі.

На святочным канцэрце дэбютавалі з вакальным нумарам юныя Віялета і Эльвіра, дочкі начальніка аддзела правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Юшкевіча.

– Гэта было вельмі хвалююча, але мы справіліся, бо часта спяваем на сцэне ў школе мастацтваў і раённым доме культуры. Дзякуй за дапамогу нашаму педагогу па вакале Валянціну Палухіну. Таксама нас падтрымлівалі апладысментамі тата і мама, усе гледачы ў зале, – сказалі дзяўчынкі.

Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства падзялілася іх мама Вольга Юшкевіч:

– У акцыі МУС “Сям’я! Служым разам!” мы ўдзельнічаем ужо не першы раз. Вельмі падабаецца санаторый “Азёрны”, які нас прымаў, атмасфера свята. Прыемным сюрпрызам сталі падарункі, сярод якіх не толькі бытавая тэхніка, але і паход усёй сям’ёй у аквапарк. Дзеці былі ў захапленні!

Наталля АВЯРЧУК
Фота з архіва сям’і Юшкевіч

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga