Утульнасць, хараство і непаўторны каларыт вуліцам, алеям і скверам нашага горада надаюць кветкі.
Заканамерна і лагічна, што ўпрыгожваюць наша роднае Дзятлава сімпатычныя, абаяльныя творчыя жанчыны.
У гарачую летнюю пару брыгада азеляняльнікаў Дзятлаўскага РУП ЖКГ пад кіраўніцтвам тэхніка па азеляненні Наталлі Ганчар працуе ў пашыраным саставе: да двух пастаянных кветкаводаў Іны Стракоўскай і Таццяны Лазоўскай дадаецца “ўзмацненне” ў асобе аператараў кацельні “Хвінявічы” Алены Кажала і Алены Храноўскай. Восень ужо ўпэўнена ўступае ў свае правы, аднак работы ў кветкаводаў яшчэ багата, шмат чаго трэба паспець да халадоў.
– Актыўны сезон у нас пачынаецца з лютага: сеем расаду ў парніку, пікіруем, рыхтуем да высадкі, каб потым аператыўна ўпрыгожыць горад, – расказваюць кветкаводы. – У гэтым годзе высаджвалі петуніі, тагеціс, сальвію, віёлу, вербену, вяргіні, астры, цыніі.
Грунтоўную частку насення работніцы яшчэ з восені нарыхтоўваюць на гарадскіх клумбах, зрэзваючы кветкі, якія адцвілі. Аднак, як патлумачылі жанчыны, ёсць кветкі сорту “Ф1”, насенне якіх немагчыма сабраць уручную, можна толькі замовіць праз пастаўшчыкоў.
– Работа з кветкамі скрупулёзная на кожным з этапаў, нават цяпер, калі новых кветак дасаджваем няшмат, збіраем насенне, – тлумачыць Іна Іванаўна. – Прахожым можа здацца дзіўным, чаго яны паўдня сядзяць у адной клумбе?.. А трэба зрэзаць кожную засохлую кветачку, каб усё выглядала прыгожа і акуратна.
У кветкаводства, якое палюбілі ўсёй душой, жанчыны прыйшлі рознымі шляхамі. Іна Стракоўская, якая 16 гадоў адпрацавала на мясцовым хлебазаводзе, аднойчы была вымушана памяняць род заняткаў. Так яна апынулася ў брыгадзе азеляняльнікаў, дзе працуе ўжо 8 гадоў.
– Прыйшла без вопыту, паступова напрацоўвала веды і навыкі: нешта з інтэрнэту, ад калег, з практыкі. Так авалодвала прафесіяй і ўдасканальвалася ў ёй, – расказвае Іна Стракоўская.
Кветкі для яе – не толькі праца, але і захапленне, стан душы. Сваё хобі жанчына перанесла і дамоў, дзе стварыла ўласны кветкавы “аазіс”.
Таццяна Лазоўская сёлета адзначае першы прафесійны юбілей – 10 гадоў працы ў кветкаводстве. У жылкамунгас яна прыйшла вартаўніком адразу пасля дэкрэтнага адпачынку. Калі адкрылі цяпліцу, паступіла на працу ў брыгаду азеляняльнікаў. Жанчына з удзячнасцю ўспамінае, што ёй пашчасціла асвойваць кветкаводства пад кіраўніцтвам выдатнага спецыяліста Ірыны Антропавай, якая навучыла асновам і тонкасцям гэтай справы.
– Хто аўтар кветкавых кампазіцый у горадзе? – пытаюся ў суразмоўніц.
– Сёлета ўсе клумбы стваралі на свой густ. Гэта калектыўная творчасць. Прыходзім на месца і разам вырашаем, якія кветкі прыйдуцца дарэчы тут. Высаджваем не толькі кветкі, але і дэкаратыўныя кусты. Тут важна разумець, што не ўсе яны паспяхова ў нас прыжываюцца, выбіраць тыя, якія найбольш падыходзяць для мясцовых глебаў і клімату.
– Што трэба, каб кветкі радавалі гараджан з вясны да восені?
– Догляд, клопат і любоў – вось рэцэпт прыгажосці. Таму ў сезон працуем з шасці гадзін раніцы, робім пастаянны агляд пасадак, каб своечасова нешта падкарэктаваць. А яшчэ абавязковы рэгулярны паліў, асабліва ў такое спякотнае надвор’е, якое было ў жніўні. У ідэале – патрэбна палівальная машына: уручную няпроста паліваць усе клумбы ў горадзе.
– Што будзе пасля заканчэння сезона цвіцення?
– Мы ўжо пачалі рыхтаваць насенне і клумбы да наступнага сезона. Таксама прымаем актыўны ўдзел у навядзенні парадку ў парках і скверах горада, працуем у цяпліцы.
– Якія кветкі хацелі б бачыць у Дзятлаве?
– Вельмі падабаецца тагеціс антыгуа (сартавыя бархатцы), геацынты. Таксама хацелася б, каб горад поўніўся ружамі і цюльпанамі, прыгожымі лілеямі. Гэта дадасць нашаму ўтульнаму самабытнаму райцэнтру шарму і настрою.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga