У ліпені, прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыням райвыканкамаў забяспечыць занятасць насельніцтва і стварэнне працоўных месцаў, пры гэтым Прэзідэнт у чарговы раз звярнуўся да тэмы дармаедства, якой трэба будзе займацца кіраўнікам раённых выканаўчых камітэтаў.
Як з такой катэгорыяй грамадзян вядзе работу Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт, мы даведаліся ў старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, які ўзначальвае камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна.
– Наша камісія працуе з 1 чэрвеня 2018 года. Яе дзейнасць скіравана на выніковае вырашэнне пытанняў, якія тычацца Дэкрэта № 3 па садзейнічанні занятасці і актуалізацыі базы даных працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы.
Што тычыцца асобаў, якія злоўжываюць алкаголем і не жадаюць працаваць, то з 30 снежня 2020 года на заканадаўчым узроўні змяніліся парадак і ўмовы накіравання такіх грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовы іх знаходжання ў ЛПП. Гэта было зроблена, каб прывесці закон у адпаведнасць з Дэкрэтам № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Так, у Дэкрэце № 3 выкарыстоўваецца паняцце “працаздольныя непрацуючыя грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця”, у ім жа пазначана, што прыняцце рашэння аб накіраванні такіх асобаў у ЛПП прадастаўляецца пастаянна дзеючым камісіям па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Безумоўнымі і ключавымі крытэрыямі асацыяльнага ладу жыцця з’яўляецца сістэматычнае злоўжыванне алкагольнымі напоямі.
Як правіла, такія людзі вельмі хутка трапляюць у поле зроку супрацоўнікаў міліцыі, бо не маюць пастаяннага даходу і ў пошуках “лёгкай нажывы” нярэдка ўчыняюць крадзяжы.
Увогуле, падставай для накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый хворых на хранічны алкагалізм грамадзян з’яўляецца іх трохразовае і больш на працягу года прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Для аматараў спіртнога з базы незанятых у эканоміцы гэта “працэдура” спрошчана: ім дастаткова 2-х адміністрацыйных пакаранняў за год. Пры іх наяўнасці аддзел унутраных спраў звяртаецца ў нашу камісію, дзе прымаецца рашэнне аб накіраванні адпаведных дакументаў у суд, які і вынесе канчатковы вердыкт аб накіраванні беспрацоўнага ўтрыманца ў ЛПП. На Дзятлаўшчыне па такім алгарытме ўзаемадзеяння органаў прафілактыкі “пуцёўкі” ў лячэбна-працоўны прафілакторый ужо атрымалі 3 незанятыя ў эканоміцы злоўжываючыя алкаголем жыхары (два – летась і адзін – гэтай вясной).
Дарэчы, законам удакладнены і тэрміны знаходжання грамадзян у ЛПП: калі яны трапляюць туды ўжо трэці раз ці больш, то па рашэнні суда могуць быць прымусова ізаляваны на два гады замест аднаго. Устаноўлены і падставы для скарачэння прызначанага часу знаходжання ў ЛПП: не менш за тры чвэрці тэрміну ў дачыненні да грамадзян, накіраваных у прафілакторый у другі раз, і не менш за палову – для іншых.
Безумоўна, прыняцце рашэнняў аб накіраванні на прымусовае лячэнне ў ЛПП – не асноўная функцыя камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, аднак гэта адна з выніковых мер уздзеяння на такую катэгорыю людзей, заадно і прафілактыка злачынстваў, якія яны маглі б учыніць у стане алкагольнага ап’янення.
Для выніковага ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі прадугледжана, што даныя аддзела ўнутраных спраў і камісіі па садзейнічанні занятасці звяраюцца штотыднёва, пасяджэнні камісіі адбываюцца двойчы на месяц, база незанятых у эканоміцы абнаўляецца паквартальна, акрамя таго, інфармацыя аб вяртанні з ЛПП асацыяльных грамадзян своечасова паступае ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Чакаецца, што ў закон будуць унесены новыя змяненні, якія яшчэ больш спросцяць работу органаў прафілактыкі ў гэтым кірунку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga