Так часта здараецца, што многія факты чалавечай руплівасці, дабрыні, працы на карысць людзей і радзімы з часам забываюцца, сціраюцца з памяці.
І не таму, што людзі няўдзячныя, а проста не звярнулі ўвагі ў пэўны час, не надалі значэння факту, а потым забылася, сведкі з’ехалі ці адышлі ў лепшы свет, а новае пакаленне пра таго чалавека ўвогуле нічога не чула. Адкуль? Яны ж тады былі яшчэ дзецьмі.
Так здарылася і з фактам будаўніцтва Рудаяварскай царквы Святога Архангела Міхаіла. Звярнулі ўвагу на гэты аб’ект пры распрацоўцы турыстычнага веламаршруту “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы”, які быў урачыста адкрыты 1 ліпеня бягучага года. Мне было даручана суправаджаць адкрыццё маршруту ў якасці экскурсавода, і, безумоўна, трэба было папярэдне сабраць максімальна дакладную інфармацыю пра яго аб’екты, напісаць тэкст экскурсіі. Без гэтага нельга. Пачала разбірацца, шукаць цікавыя факты ў інтэрнэце, у кнігах пра Дзятлаўшчыну. У многіх крыніцах сустракаўся наступны факт: царква пабудавана ў 1991 годзе пры садзеянні старшыні мясцовага калгаса. Раней царквы ў вёсцы не было, згарэла ў час Вялікай Айчыннай вайны. Набажэнствы ішлі ў мясцовым касцёле, а ў 70-я гады касцёл быў перададзены калгасу пад склад.
Падумалася: пачатак 90-х, распад СССР, блытаніна ў сэрцах і розумах, у грамадстве, а чалавек бярэцца дапамагчы сваім калгаснікам узвесці новую царкву. Хто ён? Спытала ў групы экскурсантаў, з якімі працавала ў дзень адкрыцця веламаршруту. Ніхто не ведаў. І толькі ў канцы, калі ўжо папрысутнічалі на тэатралізаваным прадстаўленні, якое паказалі ў пушчы вучні дзятлаўскіх школ, да мяне падышла Ядвіга Гушча і сказала прозвішча старшыні – Ламака.
У 1991 годзе мне давялося працаваць карэспандэнткай дзятлаўскай газеты “Перамога”, пісала на вясковыя і калгасныя тэмы, але хто такі Ламака, як ён выглядаў, таксама не ўспомніла. Здаецца, нешта знаёмае. Але… І тут, як заўсёды, на дапамогу прыйшоў Вацлаў Залеўскі, ён у тыя гады быў старшынёй калгаса “Парэчча”. Факт пабудовы царквы пацвердзіў. Сапраўды, была выкуплена недабудаваная хата былога дырэктара школы Сяргея Клімко, які пераехаў у мястэчка Турэц Карэліцкага раёна. Але на свае грошы ці на калгасныя выкупіў Міхаіл Ламака гэты зруб, ён таксама не ведаў. Толькі ўспомніў, што аддаваў фотаздымкі з розных раённых мерапрыемстваў, на якіх бываў Міхаіл Іванавіч, яго зяцю па прозвішчы Ражко. Зяць раней працаваў у ДАІ Дзятлаўскага раёна.
Тут справа пайшла лягчэй. Аказалася, што Машу Ражко, унучку Міхаіла Ламакі, добра ведаю, яна вучылася ў гімназіі № 1. Засталося толькі знайсці нумар тэлефона. Дапамагла Раіса Лакіза, з якой дзяўчына сябруе з гімназічных гадоў.
І вось 12 ліпеня Маша і яе мама Святлана Міхайлаўна завіталі ў музей з фотаздымкамі, выразкамі з газет і са шчырым жаданнем расказаць пра свайго дзеда і бацьку.
– Тата быў чалавекам адданым працы, мяккім, добрым, спагадлівым. Старшынёй калгаса “Перамога” ў Рудзе Яварскай быў выбраны ў верасні 1982 года. Да гэтага мы жылі ў Казлоўшчыне, тата працаваў майстрам вытворчага навучання ПТВ № 191, мама, Вікторыя Сцяпанаўна, медсястрой, потым фельчарам. Дзесяць гадоў было аддадзена калгасу. Помню, як тата сказаў: “Пастараюся, каб назва калгаса адпавядала сутнасці – перамога”. І ён стараўся, у першую чаргу для людзей. Быў узведзены дзіцячы садок, пачалі будаваць жыллё для калгаснікаў, у школе працаваў добры музей, спонсарам якога таксама быў калгас, праз пару гадоў сталі атрымліваць неблагія ўраджаі. Помню, што прасілі за царкву людзі, прыходзілі да таты. Ён і сам быў набожным, нягледзячы на тое, што насіў у кішэні на грудзях партыйны білет. Зруб выкупілі за калгасныя грошы, пачалі будаўніцтва. Удзельнічалі і калгасныя будаўнікі, і проста жыхары вёскі. Адкрыццё адбылося на Міхайлу, прысутнічала шмат святароў, госці, кіраўнікі раёна. Тата быў шчаслівы, мара яго здзейснілася. Магчыма, адчуваў, што жыць яму засталося няшмат. Людзі заўсёды адчуваюць такое, стараюцца паспець пакінуць нешта значнае пасля сябе. Для яго такім значным стала царква, якая і сёння стаіць, прымае вернікаў, служыць добрым людзям. Не стала нашага таты 31 студзеня 1992 года, пайшоў ад нас на 49-м годзе жыцця.
Добрым словам успамінаюць Міхаіла Іванавіча і яго калегі Вацлаў Залеўскі і Сямён Макарэвіч. Разам даводзілася вырашаць многія калгасныя справы, дапамагаць адзін аднаму і тэхнікай, і насеннем. Без гэтага нельга – думалі не толькі пра сябе, пра ўвесь раён.
Трыццаць гадоў прайшло з таго часу, як не стала Міхаіла Іванавіча, а царква стаіць. І будзе стаяць не адно дзесяцігоддзе. А як жа памяць? Хіба не заслужыў чалавек сваёй руплівасцю нашай памяці? Відаць, вы, паважаныя чытачы, згодзіцеся са мной – заслужыў. Вось таму і ўзнікла думка павесіць на рудаяварскай царкве інфармацыйную таблічку, якая была б прыкладна такога зместу “Царква пабудавана ў 1991 годзе стараннямі старшыні калгаса “Перамога” М.І.Ламакі”. І дастаткова, каб добрая справа жыла і давала прыклад іншым. Бо фактаў такіх на Дзятлаўшчыне бадай што няшмат. І хочацца, каб гэта ідэя стала праз некаторы час рэальнасцю.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga