Дзятлаўская сястра Хатыні – Дубраўка

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Гэтую вёску варта назваць сястрой Хатыні. Трагедыя, якая адбылася з яе жыхарамі ў крывавым 1942 годзе, прымушае зноў і зноў варушыць памяць, каб не забываць пра генацыд фашызму супраць беларускага народа.

Усплываюць усё новыя факты гэтай трагедыі, становяцца вядомымі невядомыя героі.

Вёска Дубраўка размешчана за 17 км ад райцэнтра Дзятлава, дзе мясцовая рачулка нясе свае воды ў слаўны Нёман. Назва яе паходзіць ад тэрміна, які вызначае тып лесу – дубровы, дубрава. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 53 дамы і 387 жыхароў.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны тут было 62 дамы, у якіх жыло 279 чалавек. Нямецка-фашысцкія захопнікі вялі бесперапынную барацьбу з тымі, хто не хацеў жыць ва ўмовах “новага парадку”. Ліпічанская пушча стала партызанскай зонай, дзе засяродзіліся асноўныя сілы Ленінскай партызанскай брыгады, дзе мясцовае насельніцтва падтрымлівала барацьбу супраць захопнікаў.

Трагедыя адбылася зусім нечакана. 30 жніўня 1942 года група партызан заўважыла рух нямецкага атрада, які пераправіўся з правага берага ракі Нёман і накіроўваўся ў бок вёскі. Яны адкрылі ружэйна-аўтаматны агонь, але сілы былі няроўныя, і яны адступілі. Праз некаторы час немцы выклікалі падмацаванне. Нямецкія салдаты і паліцэйскія акружылі вёску і пачалі наступленне з боку ракі.

Жыхар вёскі Уладзімір Зайнчкоўскі, 1937 года нараджэння, расказаў: “Перад пачаткам вайны мы жылі на хутары Падказелле. Мой бацька быў накіраваны на работу ў раёны Сібіры, а падчас вайны ваяваў. Аб гэтых падзеях мне расказала мама. У Дубраўку з боку вёскі Латышы праз раку Нёман на лодках пераправіліся немцы. Раней там быў мост, але партызаны яго ўзарвалі. На хутары Засеня ў гэты час была група партызан. Яны абстралялі нямецкіх салдатаў. Тыя адказалі кулямётным агнём. Партызаны пакінулі хутар і схаваліся ў лесе. Тады немцы выклікалі сабе падмогу. Прывёў яе фельчар, які жыў у вёсцы Калпінскія ў мясцовай настаўніцы. Да гэтага ён праходзіў практыку ў нашага фельчара Вікенція Дзервука. Ён быў знаёмы з партызанамі і перадаваў ім медыкаменты (Вікенцій Дзервук працаваў у бальніцы вёскі Накрышкі – аўт.). Некаторыя мясцовыя жыхары папярэджвалі фельчара, што гэты невядомы прывядзе немцаў. За 2-3 дні да трагедыі практыкант знік, а потым прывёў нямецкі атрад. Старэйшыя людзі казалі, што пасля вайны яго сустракалі ў Польшчы.

Нямецкія салдаты і паліцэйскія з усіх бакоў акружылі вёску і пры дапамозе разрыўных запальных куляў пачалі страляць па хатах і хлявах жыхароў. Узнік пажар. Людзі не змаглі ўцячы ў лес і былі вымушаны хавацца ў бульбяных ямах і скляпах, у бліжэйшых кустах садоў. Але немцы аблавай ішлі ў вёску (многія былі з бліскучымі пагонамі). Яны пачалі кідаць гранаты ў падвалы, скляпы, бульбяныя ямы, стралялі па людзях, што не паспелі схавацца. Адзін паліцэйскі прыйшоў у двор Уладзіславы Белавус, жонкі мясцовага брыгадзіра. Ён вывеў яе ў двор і стрэліў ёй у нагу. Пасля таго, як яна ўпала, ён другі раз выстраліў ёй у жывот, штурхнуў нагой і пайшоў. Але жанчына выжыла, пазней ёй зрабілі аперацыю ў Дзятлаве. Немцы і паліцэйскія вывелі мясцовае насельніцтва за вёску і расстралялі. Цяпер там поле – насупраць аўтобуснага прыпынку. Вёска гарэла. Пасля таго, як немцы пакінулі вёску, жывых засталося вельмі мала. Яны і жыхары навакольных вёсак хавалі сваіх родных і блізкіх у асобных магілах, а іншых у адной магіле. Усяго расстралялі 99 чалавек” (запіс са слоў 22.09.2021 г. аўт.).

Сваімі ўспамінамі падзяліўся Уладзімір Дораш, жыхар горада Дзятлава. Ён сын Аляксандра Жагеля, 1927 года  нараджэння, партызанскага сувязнога атрада імя К. Варашылава брыгады імя К. Варашылава. Бацька яму расказваў, што “… падчас трагедыі ён быў дома. Да гэтага часта па заданні партызан, у доўгім паліто, часцей басанож, перадаваў медыкаменты за раку Нёман у партызанскі атрад. Прыносіў ён партызанам і апошнія весткі аб размяшчэнні немцаў і паліцэйскіх. Калі немцы ўварваліся ў вёску, ён не паспеў схавацца ў лесе. Яго бацькі і сястра Марыя ўжо знаходзіліся ў бульбяной яме. Яны сядзелі пад падушкамі, баяліся нават паварушыцца. Туды схаваўся і ён. Адзін паліцэйскі, праходзячы міма ямы, кінуў туды нямецкую гранату. Бацька, якому тады было 15 гадоў, здолеў выкінуць гранату наверх. Пасля яе разрыву паліцэйскі вярнуўся і кінуў другую гранату. Пры яе выбуху сястры Марыі выбіла адно вока, а на целе бацькі пазней налічылі 25 асколачных раненняў. Пасля сыходу немцаў яго адправілі ў Дзятлава ў шпіталь, дзе ратавалі яму жыццё. Толькі ў 1975 годзе ён атрымаў пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, дзе паказана, што ён сувязны партызанскага атрада імя  К. Варашылава партызанскай брыгады імя К. Варашылава. Бацька так і памёр з асколкамі ва ўзросце 79 гадоў.”

Гэту крывавую трагедыю пацвярджае дакумент з НАРБ, Ф. 1399.Оп.1. Д. 604. Л. 21

№126. Акт аб спаленні нямецкімі акупантамі в. Дубраўка Дзятлаўскага раёна і забойстве яе жыхароў 26 снежня 1943 г.

30.08. 42 года 8-м карным атрадам з удзелам мясцовай паліцыі і ўкраінцаў учынены злачынствы над мірным насельніцтвам вёскі. Расстраляна строем 28 чалавек, спалена ў агні 10 чалавек, астатнія расстраляны ў дамах, якія схаваліся ў ямах і скляпах. Усяго спалена дамоў47, разам з хлявамі, гумнамі і ўсёй маёмасцю, забрана ўся жывёла, за выключэннем той, якая згарэла.

У выніку здзейсненага злачынства забіта98 чалавек, вывезена ў Германію на катаржную работу  – 22 чалавекі.

Удзельнічала мясцовая паліцыя з Жалудка, у прыватнасці, з вёскі ЯселевічыЦыбульскі і Кавалеўскі.

Пасля вайны, прыкладна ў канцы 60-х гадоў, у гонар загінулых быў узведзены абеліск, які размешчаны пры ўездзе ў вёску Дубраўка.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: