Той ліпеньскі дзень 1964 года запомніцца мне на ўсё жыццё.
Гэта час басаногага дзяцінства і бестурботнасці, час паходаў па грыбы і ягады, час купання ў рэчцы Пад’яварка, гульні з сябрамі ў час летніх канікулаў. Але ёсць падзеі, якія сёння ацэньваюцца зусім па-іншаму, якія застаўляюць задумацца аб лёсах людзей, пра якіх ты не ведаў.
Жыхары вёскі Руда Яварская 30 ліпеня 1964 года былі ўстрывожаны невыпадкова. Былі розныя меркаванні, былі перажыванні, была спагада і жалоба. Міхаіл Янушкевіч, цяпер адзін са старажылаў сярод жыхароў вёскі, успамінае, што “… у гэты дзень я быў на падворку мясцовай бальніцы, калі пачуў моцны роў самалёта, які ляцеў на нізкай вышыні. Затым пачуўся выбух”. І цяпер, калі прайшло ўжо 58 гадоў, пашанцавала даведацца, што здарылася, чаму адбылася катастрофа баявога савецкага самалёта, якая закончылася гібеллю лётчыка?
“979-ы знішчальны авіяцыйны полк у саставе 95-й авіядывізіі 26-й паветранай арміі Беларускай ваеннай акругі ў 1964 годзе размяшчаўся ў Шчучыне. “На ўзбраенні знаходзіліся рэактыўныя самалёты-знішчальнікі МіГ-19 С. У гэты час праходзілі тактычныя вучэнні па перахопу ўмоўнага праціўніка на малых вышынях, – успамінае 85-гадовы палкоўнік у адстаўцы Леанід Яфімавіч Карпаў (цяпер жыве ў горадзе Гродне – аўт.). – Прыкладна ў 13 гадзін 30 ліпеня 1964 года для перахопу ўмоўнага праціўніка ў паветра было паднята звяно знішчальнікаў МіГ-19 С. Вядучым звяна быў ваенны лётчык 2-а класа Уладзімір Крычмар, яго вядомым з’яўляўся лётчык Барыс Гарабец (воінскае званне Леанід Карпаў не запомніў – аўт.). Здавалася, што стаяла добрае бязвоблачнае надвор’е, але шэрая смуга зніжала бачнасць да аднаго кіламетра.
Першапачаткова цэль не ўдалося знайсці. Палёт працягваўся на малых вышынях з мінімальнай для МіГа хуткасцю. Наземныя радары не змаглі дакладна ўстанавіць месца знаходжання самалёта Іл-28 з суседняга палка, які з’яўляўся мішэнню для перахопу. І раптам, вылятаючы са смугі, лётчыкі ўбачылі перад сабою мішэнь. Гарабец рэзка адвярнуў у бок, а капітан Крычмар, імкнучыся не сутыкнуцца з самалётам Іл-28, пацягнуў ручку кіравання самалётам на сябе да адказу. Самалёт узляцеў вертыкальна ўверх, але з-за вялікага “вугла атакі” машына “ўвайшла ў штопар”. Лётчык зрабіў усё магчымае, каб выраўняць палёт самалёта. Гэта адбывалася каля населенага пункта, і з апошніх сіл, надаўшы самалёту гарызантальнае палажэнне, пілот накіраваў яго далей ад жылых пабудоваў жыхароў вёскі. Гэта расказаў пасля палёту Барыс Гарабец”.
Самалёт упаў у калгасны сад, не даляцеўшы да гумна і хаты Часлава Бароўскага прыкладна 100 метраў. Яму было тады 11 гадоў, але ў памяці засталася жудасная карціна падаючага самалёта: “На месцы падзення самалёта стаяў дым. Мы кінуліся бегчы туды, але выбухі боепрыпасаў нас павярнулі назад. Праз некаторы час прыляцелі верталёты, з якіх выйшлі ваенныя на чале з генералам. Нас блізка не дапусцілі, але было бачна, як з кабіны самалёта дасталі абгарэлае цела лётчыка. Яго паклалі ў белую тканіну і аднеслі ў верталёт. Рэшткі самалёта хутка забралі ваенныя, а месца падзення машыны зараўнялі.”
Хто ж ён, капітан Уладзімір Крычмар, які выратаваў вёску ад разбурэння, а самае галоўнае, што цаной свайго жыцця не дазволіў загінуць мірным жыхарам? Дзякуючы архіўным матэрыялам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, пашанцавала даведацца пра некаторыя старонкі жыцця загінулага лётчыка.
Уладзімір Міхайлавіч Крычмар нарадзіўся 1 чэрвеня 1930 года ў горадзе Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад) у сям’і служачага. Бацькі хутка пераехалі ў Маскву. У 1947 годе ён закончыў 7 класаў сярэдняй школы № 665 і паступіў на вучобу ў Маскоўскі авіяцыйны прыборабудаўнічы тэхнікум імя С. Арджанікідзэ. У час вучобы пачаў займацца ў гарадскім аэраклубе. У 1951 годзе Уладзімір Крычмар быў накіраваны на вучобу ў ваеннае лётнае вучылішча горада Навасібірска. Затым быў перавод у 810-ы вучэбны полк Чугуеўскага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў, а пасля яго заканчэння ў 1953 годзе лётчык быў накіраваны для праходжання ваеннай службы ў Беларускую ваенную акругу. Званне “Ваенны лётчык 2-а класа” прысвоена ў 1959 годзе. Налёт за год складаў больш за 114 гадзін пры норме налёта ў 80 гадзін. У канцы красавіка 1961 года Крычмар быў пераведзены ў Качынскае вышэйшае ваеннае вучылішча лётчыкаў у якасці інструктара. У сакавіку 1962 года яго чакаў чарговы перавод у Беларускую ваенную акругу, у горад Шчучын на пасаду старшага лётчыка 979-а знішчальнага палка. У той час ён ужо быў у званні капітана.
Надзейнай асновай і пастаяннай падтрымкай для яго былі родныя, сям’я. Бацька Уладзіміра Крычмара працаваў у Маскве, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з 1941 па 1945 год. Ён памёр пасля цяжкай хваробы ў 1956 годзе. Маці Уладзіміра – Надзея Іванаўна, нарадзілася ў сялянскай сям’і, украінка. Працавала ў сельскай гаспадарцы, на заводзе, у сферы бытавых паслуг. Уладзімір Крычмар ажаніўся на рускай дзяўчыне Ізабэле Зубаковай у 1954 годзе. У гэтым жа годзе яна закончыла вучобу ў Гродзенскім педінстытуце. У маладой сям’і нарадзіліся сын Аляксандр і дачка Алена. На час гібелі капітану Крычмару было 34 гады. 1 жніўня 1964 года загінулы лётчык быў пахаваны з армейскімі ўшанаваннямі на гарадскіх могілках у Гродне.
У лётчыкаў ёсць добрая запаведзь, як памяць аб тых, хто здзейсніў свой апошні палёт: “Лётчыкі не гінуць – яны адлятаюць назаўсёды…”. Іх адляцела вельмі шмат, але мы абавязаны іх помніць і дзякаваць ім за падараванае нам жыццё на зямлі. Подзвіг Уладзіміра Крычмара, які загінуў на Дзятлаўскай зямлі, – гэта прыклад мужнасці, годнасці служэння сваёй Радзіме, адданасці сваёй справе. Апошні палёт Уладзіміра Крычмара падобны палёту “ў вечнасць” у 1966 годзе ваеннага лётчыка 1-а класа, падпалкоўніка, Героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Гэта памяць аб выдатных лётчыках Лідскай авіябазы, Героях Беларусі: 33-гадовым лётчыку 1-а класа, маёры Андрэю Нічыпорчыку і 22-гадовым ваенным лётчыку 3-а класа, лейтэнанце Мікіце Куканенку, якія здзейснілі свой бессмяротны палёт у маі 2021 года.
У Шчучыне каля тэрыторыі базіравання расфарміраванага ў ліпені 1989 года 979-а знішчальнага авіяцыйнага палка ўзвышаецца памятны знак, на які нанесены імёны лётчыкаў, якія загінулі ў мірны час пры выкананні службовых абавязкаў. Сярод іх імя Уладзіміра Міхайлавіча Крычмара.
Аповед падрыхтаваны на падставе матэрыялаў, якія прадастаўлены Цэнтральным архівам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Асаблівая ўдзячнасць за супрацоўніцтва і дапамогу вядучаму спецыялісту ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна – старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, палкоўніку запасу Валянціну Аляксеевічу Абухаву, старшыні Шчучынскай раённнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, падпалкоўніку ў адстаўцы В. П. Лешчанка і афіцэрам, якія служылі разам з Уладзімірам Крычмарам.
Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga