Таццяна Семянюк: “Сітуацыі розныя, але спраўляемся”

Важнае Грамадства

У аддзеле прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна працуе невялікі зладжаны калектыў спецыялістаў, які ўзначальвае цікавая і валявая жанчына – начальнік аддзела Таццяна Семянюк.

Яна расказала пра свой прафесійны выбар і асаблівасці работы службы:

–  У аддзеле прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна працую з 2015 года: спачатку была судовым выканаўцам, а ў 2018 годзе ўзначаліла аддзел. Цяпер пад маім кіраўніцтвам яшчэ чатыры спецыялісты – судовы выканаўца, судовы рэферэнт, два справаводы. Усе яны маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю і вопыт работы ў галіне.

– Таццяна Валер’еўна, як праходзяць будні вашага аддзела?

Раз на тыдзень ладзім прыёмныя дні па разглядзе зваротаў грамадзян. Я прымаю заяўнікоў па панядзелках, судовы выканаўца – па пятніцах. Людзі звяртаюцца з рознымі пытаннямі, прыходзяць да нас як спагнальнікі, так і даўжнікі, цікавяцца нюансамі выканаўчых дакументаў, спосабамі іх выканання.

У ліку паўсядзённых задач спецыялістаў службы – устанаўленне адрасоў пражывання даўжнікоў, іх мабільных тэлефонаў, праверка маёмаснага стану, узаемадзеянне з іншымі службамі прафілактыкі – міліцыяй, судом, сельскімі выканаўчымі камітэтамі, а таксма выезды па адрасах пражывання даўжнікоў.

Служба наша яшчэ маладая, але заканадаўства пастаянна мяняецца. Так, у 2017 годзе ўступіў у сілу Закон аб выканаўчай вытворчасці Рэспублікі Беларусь, а 15 ліпеня гэтага года ў яго ўнесены істотныя змяненні, пра якія варта ведаць.

– Што гэта за змяненні?

– Па-першае, пашыраны паўнамоцтвы судовых выканаўцаў. Цяпер яны могуць самастойна абмяжоўваць даўжніка ў праве кіравання транспартным сродкам без накіравання прадстаўлення ў суд. Па-другое, змяніўся памер утрымання аліментаў з беспрацоўных даўжнікоў. Цяпер ён складае 50 % бюджэта пражытачнага мінімуму на адно дзіця, 100 % – на двух дзяцей, 150 % – на двух і больш.

Пры гэтым варта ведаць, што пры звароце спагнанняў на заработную плату даўжніка вызначаны гранічны памер утрыманняў – не больш за 50 % ад зарплаты. Такія памеры не распаўсюджваюцца на ўтрыманні пры спагнанні аліментаў на дзяцей і расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей: у падобным выпадку за даўжніком можа быць захавана не менш за 30 % зарплаты.

З пенсіі па выканаўчых дакументах можа быць утрымана не больш за 20 %, а пры наяўнасці выканаўчых дакументаў аб спагнанні аліментаў на дзяцей, або шкоды, нанесенай злачынствам, або запазычанасці за карыстанне жылым памяшканнем, ці пры наяўнасці некалькіх выканаўчых дакументаў можа быць утрымана да 50 % ад пенсіі.

Наколькі вялікі “ўчастак работы” ў вашай службы?

На выкананні ў нас знаходзяцца больш за 1400 выканаўчых вытворчасцяў, але даўжнікоў значна менш, бо на аднаго грамадзяніна можа даводзіцца па некалькі дзясяткаў такіх вытворчасцяў. Як правіла, гэта грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, нідзе не працуюць, знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі ці накіраваны ў ЛПП. Доля такіх спраў да 40 % сярод агульнай колькасці. Разам з тым, штомесяц узбуджаецца да 300 новых выканаўчых вытворчасцяў. Таму працуем з адчувальнай нагрузкай.

– Ці даводзіцца сутыкацца з агрэсіўна настроенымі даўжнікамі? Якія якасці характару дапамагаюць у рабоце?

Работа наша спецыфічная, таму сітуацыі бываюць розныя, але спраўляемся. Даўжнікі могуць грубіць, выказваць пагрозы, нават выкарыстаць фізічную сілу. Стрымліваючым фактарам выступае тое, што раён у нас невялікі, людзі добра ведаюць адзін аднаго, і старшыні сельвыканкамаў, як правіла, папярэджваюць, да каго лепш выязджаць разам з участковымі інспектарамі міліцыі. Калі ж казаць пра асабістыя якасці характару, то мне ў рабоце дапамагаюць стрэсаўстойлівасць, прынцыповасць, веданне чалавечай псіхалогіі.

– Як вы трапілі ў службу прымусовага выканання?

– Мне заўсёды падабалася юрыспрудэнцыя, таму я скончыла факультэт эканамічнага права Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, а калі ў 2015 годзе даведалася пра вакантную пасаду судовага выканаўцы, вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай галіне. За час работы ні разу не пашкадавала аб такім выбары. Тады толькі што створаны Дзятлаўскі аддзел узначаліў Дзяніс Сяркоў (цяпер працуе ў пракуратуры Слонімскага раёна). Яго я лічу сваім настаўнікам па прафесіі, бо, маючы значны стаж работы судовым выканаўцам, Дзяніс Вячаслававіч і нас, маладых работнікаў, падтрымліваў, настаўляў, навучаў тонкасцям справы. Яго “школу” паспяхова прайшлі мы з судовым выканаўцам Кацярынай Раманавай і вядучым рэферэнтам Анастасіяй Кастусік.

– Таццяна Валер’еўна, як адпачываеце ад напружаных працоўных будняў?

– Ужо не першы год у час водпуску з начоўкай выязджаем сям’ёй на Зэльвенскае водасховішча, з дачкой любім гуляць па Дзятлаве, яшчэ я захапляюся вязаннем, вырабам букетаў з цукерак, прыгатаваннем смачных страваў для блізкіх.

– Чаго пажадаеце калегам па службе?

– Каб менш сустракалася канфліктных спагнальнікаў і даўжнікоў, моцнага здароўя, што асабліва актуальна ў час пандэміі, трывалых нерваў і невычэрпнага аптымізму па жыцці.

Графік работы аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна: з панядзелка па пятніцу, пачатак рабочага дня ў 8 гадзін 30 хвілін, заканчэнне ў 17 гадзін 30 хвілін, з 13 да 14 – абедзенны перапынак. Адрас: г. Дзятлава, вуліца Камсамольская, 2 (будынак Беларусбанка).

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga