Крымінальная хроніка

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Па электраінструмент – не ў гандлёвы цэнтр

Невядомыя здлодзеі наведаліся ў вёску Харашкі. Мяркуецца, што адбылося гэта ў перыяд са снежня 2019 года па студзень 2020 года. У адной з хат, якую жыхар Баранавіцкага раёна выкарыстоўвае ў якасці дачы, зламыснікі вырвалі дзвярны прабой і скралі найбольш каштоўную маёмасць: забралі зварачны апарат, шліфмашынку, бензапілу, электрарухавік, кабель, электрападаўжальнік. Гаспадару рэчаў нанесены ўрон на 400 рублёў, узбуджана крымінальная справа.

Ваш ключ пад дыванком?

На значную суму разжыліся злодзеі, якія абакралі адзін з дамоў па вуліцы 70 год БССР у Дзятлаве. Адбылося гэта напрыканцы студзеня 2020 года. Зламыснікам нават не давялося ламаць дзверы, бо ключ яны адшукалі ва “ўмоўным месцы” і з лёгкасцю атрымалі доступ да маёмасці адразу некалькіх членаў сям’і. У выніку гаспадары засталіся без буйных сумаў у валюце, залатых упрыгожванняў, алкаголю. Па факце злачынства ўзбуджана крымінальная справа.

“Усплылі” статуэткі і нажы

На раней судзімага жыхара Валожынскага раёна Мінскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа. Стала вядома, што яшчэ ў 2018 годзе зламыснік скраў з незамкнёнага дома ў вёсцы Белякі фарфоравыя статуэткі, набор сталовых нажоў, электрамясарубку, журнальны столік, іншыя рэчы на больш чым дзве з паловай тысячы рублёў. Маёмасць належала жыхарцы горада Мінска. Праваахоўнікі канфіскавалі ў злодзея чужыя рэчы.

Узламаў электронную паштовую скрынку

Яшчэ адно злачынства ў сферы высокіх тэхналогій зарэгістравана на Дзятлаўшчыне. Невядомы зламыснік з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі з выхадам у інтэрнэт учыніў несанкцыянаваны доступ да паштовай скрынкі жыхаркі горада Дзятлава. Узбуджана крымінальная справа.

Выпіў – і за руль чужой машыны

У стане алкагольнага ап’янення раней несудзімы жыхар горада Дзятлава сеў за руль, праўда, чужой машыны. Малады мужчына паспрабаваў шляхам замыкання электраправодкі завесці і ўгнаць “DAF 400”. Аўтамабіль належыць жыхару райцэнтра, які з’яўляецца прыватным прадпрымальнікам. Машына не паддалася на маніпуляцыі і засталася стаяць на ранейшым месцы. Тым не менш, зламысніку за супрацьпраўныя дзеянні, учыненыя “пад градусам”, давядзецца адказваць перад судом.

Усё, што трапіла пад руку

У адным з дамоў вёскі Сямёнавічы, што выкарыстоўваецца як дача жыхаром горада Дзятлава, невядомыя выбілі створку ўваходных дзвярэй. Атрымаўшы доступ у памяшканне, злодзеі забралі дзве бутэлькі гарэлкі і наручны гадзіннік. Таксама вырашылі “пачысціць” гаспадарчыя пабудовы, адкуль вынеслі ўпакоўку цвікоў, медны кабель, інструмент, праводку, электрападаўжальнік. Гаспадару нанесена шкода не менш як на 350 рублёў. Па факце крадзяжу раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup