Добрай традыцыяй Міжнароднага дня “дзякуй” на Гродзеншчыне з’яўляецца інфармацыйная кампанія Таварыства Чырвонага Крыжа.
11 студзеня актывісты арганізацыі ў сродках масавай інфармацыі, на публічных старонках сацыяльных сетак, у час флэш-мобаў і акцый выказваюць словы шчырай удзячнасці на адрас нераўнадушных людзей, якія падтрымліваюць справы міласэрнасці аб’яднання.
Да інфармацыйнай кампаніі далучылася і Дзятлаўская раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа. Як расказала яе старшыня Галіна Касцюк, за плённае супрацоўніцтва і магчымасць дапамагаць жыхарам раёна ў Міжнародны дзень “дзякуй” актывісты аб’яднання адрасуюць цёплыя словы партнёрам і валанцёрам.
– Сумесныя намаганні нераўнадушных жыхароў раёна дапамагаюць рабіць жыццё людзей, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе і падтрымцы, больш камфортным і пазітыўным, – падкрэсліла Галіна Касцюк. – Дзякуючы неабыякавым да чужых праблем грамадзянам, дзясяткі дзятлаўчан, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, атрымалі дапамогу. Сярод актыўных спонсараў, памочнікаў і валанцёраў раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ў мінулым годзе былі Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, цэнтральная раённая бальніца, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Дзятлаўскі раён электрасетак, ДРБУ № 119, Новаяльнянская, Гезгалаўская, Казлоўшчынская сярэднія школы, гімназія № 1 і сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава, прыватныя прадпрымальнікі Мікалай Шалевіч і Зарына Харошка. Словы ўдзячнасці выказваю і жыхарам райцэнтра, якія падтрымалі навагоднюю акцыю аб’яднання “Ёлка жаданняў” (магазін “Родны кут”) – падарункі ўжо знайшлі сваіх адрасатаў сярод юных і пажылых жыхароў раёна.
– Дзякуючы вашай дапамозе і падтрымцы, мы прыносім у дамы і сэрцы землякоў радасць, надзею, усмешкі, – зазначыла Галіна Эдвардаўна.
Яна выказала спадзяванні на далейшае плённае супрацоўніцтва і пажадала партнёрам, валанцёрам і памочнікам Таварыства Чырвонага Крыжа ў гэтым годзе новых магчымасцяў для ажыццяўлення справаў міласэрнасці, каб 2022 год быў не менш паспяховым і багатым на цікавыя сумесныя праекты.
Да інфармацыйнай кампаніі далучылася валанцёр раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, матуля-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Марына Шэлег:
– У Міжнародны дзень “дзякуй” шчырыя словы ўдзячнасці выказваю раённаму выканаўчаму камітэту, Таварыству Чырвонага Крыжа, арганізацыям раёна, якія падтрымліваюць нашу вялікую сям’ю. Вы прыносіце ў наш дом добры настрой, радасць, цікавыя гульні, падарункі. Дзеці вельмі рады такім сустрэчам, чакаюць іх з нецярпеннем, самі рыхтуюць для гасцей вершы і песні, весяляцца і ўсміхаюцца. Дзякуй за падтрымку, дабрыню, святочны настрой.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga