“Дзякуй медыкам” – ад Таварыства Чырвонага Крыжа

Галоўнае Грамадства

Чарговую партыю дапамогі ад грамадскага аб’яднання “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа” атрымалі медыкі Дзятлаўшчыны.

На гэты раз старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк перадала ў Дзятлаўскую цэнтральную раённую бальніцу 200 рэспіратараў для медперсанала.

– Гэта не разавая акцыя, – зазначыла Галіна Эдвардаўна, – Чырвоны Крыж падтрымліваў і будзе падтрымліваць медыцынскіх работнікаў, на плечы якіх лёг увесь цяжар барацьбы з каранавірусам. Перадаючы сродкі абароны, прыемна сказаць чарговае шчырае слова “дзякуй” людзям у белых халатах, якія прафесійна і самааддана клапоцяцца пра нас. Я жадаю медыкам Дзятлаўшчыны і іх сем’ям моцнага здароўя, цярпення і невычэрпнай энергіі.

Галіна Касцюк перадала скрыню з рэспіратарамі галоўнаму доктару Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алегу Анцуху, яго намесніцы па медыцынскай частцы Інэсе Гусевай і эканамісту, якая таксама з’яўляецца старшынёй рэвізійнай камісіі раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, Аксане Дзянісік.

Ад імя работнікаў бальніцы Алег Анцух падзякаваў за своечасовую падтрымку.

– Літаральна нядаўна я расказаў Галіне Эдвардаўне аб нашых патрэбах, – зазначыў Алег Іванавіч, – і цяпер прыемна ўражаны аператыўнай дапамозе ад Таварыства Чырвонага Крыжа. Шчыры дзякуй за рэспіратары. Падобная падтрымка для нас не бывае лішняй, і гэтыя сродкі абароны будуць адразу ж размеркаваны паміж нашымі работнікамі. Асабліва радуе, што рэспіратары шматразовыя, зноў будуць прыдатныя пасля спецыяльнай апрацоўкі. Яны шчыльна прылягаюць да твару, што таксама немалаважна. Спецыяльны склад тканіны забяспечвае звыш 90 % фільтрацыі. Гэтыя рэспіратары адносяцца да другога класа абароны. Для нас сёння актуальнай задачай з’яўляецца забеспячэнне бяспекі медыцынскіх работнікаў. На жаль, людзі прадаўжаюць хварэць, і каб зберагчы медперсанал, каб мае калегі маглі свабодна ўваходзіць у “брудную зону”, аказваць пацыентам своечасовую кваліфікаваную дапамогу, нам будуць вельмі дарэчы такія сродкі абароны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: