Падарунак для сапраўдных мужчын

Важнае Грамадства

Да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” далучыліся не толькі кіраўніцтва раёна і грамадскія арганізацыі, але і працоўныя калектывы.

Дзятлаўскі РУП ЖКГ стаў добрым навагоднім чараўніком для сваіх “падшэфных”, выканаўшы калектыўнае жаданне выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу.

Падарунак да ганка Шэлегаў работнікі камунальнай службы неслі адразу ўдвух.

– Што ў каробцы? – пытаюся ў намесніка дырэктара прадпрыемства Віктара Дзедуля.

– Тое, аб чым марылі юныя жыхары гэтага дома, – адказвае Віктар Станіслававіч. – Мы папярэдне пацікавіліся ў прыёмных бацькоў, які падарунак дзеці хацелі б у навагоднія святы. Тыя адказалі, што настольны футбол. І мы пастараліся знайсці надзейны, якасны, каб не адзін год дзецям прыносіў радасць.

Гасцей сустракалі гаспадары дома і ўсе дзеці, якія вельмі чакалі сюрпрыз. З вялікай цікавасцю малеча сачыла за тым, як тата-выхавальнік Аляксандр Леанідавіч адкрываў каробку, усе гаманілі, прапаноўвалі здагадкі, што за падарунак атрымалі. Настольны футбол спадабаўся ўсім. Дарослыя і дзеці падзякавалі гасцям за такую забаву, паабяцаўшы гуляць у яе дружна і весела.

Разам з камунальнікамі раёна не першы раз Шэлегаў наведвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская. З яе лёгкай рукі Дзятлаўскі жылкамунгас і сям’я пасябравалі.

– Сёння ў дзіцячым доме сямейнага тыпу жывуць дзесяць прыёмных дзяцей, большасць з іх – хлопчыкі, якія вельмі марылі пра гэту гульню. Думаю, што дзяўчынкі таксама з задавальненнем будуць бавіць час за настольным футболам. Чарговы раз хачу сказаць вялікае дзякуй калектыву Дзятлаўскага РУП ЖКГ за чуласць, за тое, што яны робяць добрыя справы для дзяцей нашага раёна, падыходзяць да гэтага шчыра і адказна, адзначыла Алена Чайкоўская.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: