ГрадусПлюс. Недзіцячыя цацкі

Важнае Грамадства

Не ўсе дзіцячыя гульні аднолькава карысныя.

Часам яны нясуць небяспеку не толькі для саміх дзяцей, але і для ўсіх, хто знаходзіцца побач.

Паказальная гісторыя, якую расказала мне знаёмая, здарылася зусім нядаўна ў адным з двароў шматпавярховай забудовы ў райцэнтры. Два хлопчыкі, якія, відаць, знаходзяцца на летніх канікулах, задумалі цікавую гульню: адзін з іх засеў у засадзе з дзіцячай пнеўматычнай вінтоўкай, другі ў гэты час прыкрываў напагатове.

Яны цэліліся і мэтанакіравана стралялі дробнымі пулькамі па машынах, якія заязджалі ў двор, не асабліва перажываючы за  ўшчуванне.

– Атрымаўшы другі за дзень арт-абстрэл па ўласным транспарце, мы зрабілі заўвагу стралкам і пажадалі пазнаёміцца з іх бацькамі, – расказвае жанчына. – Зразумела, хутка мы нікога не знайшлі, а часу доўга чакаць і высвятляць тады не мелі. Шкада толькі, што ад такіх гульняў можа пакутаваць не толькі маёмасць суседзяў, але і самі дарослыя, дзеці, хатнія жывёлы, у якіх хуліганам уздумаецца пастраляць…

Дык няўжо немагчыма справіцца з сітуацыяй цывілізаванымі метадамі і хто ўвогуле прадае дзецям такія “цацкі”? Адказ на гэта пытанне даў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віктар Петрукевіч:

– Дадзены від зброі адносіцца да дзіцячых цацак, паколькі сіла яго ўдару не дасягае трох кіладжоўляў. Як правіла, такія рэчы набываюць бацькі або бабулі з дзядулямі ў падарунак дзецям. Аднак дарослым варта ведаць і разумець, калі дзіцячыя гульні “перарастаюць” у супрацьпраўныя дзеянні. Апісанае ў нядаўнім здарэнні – дробнае хуліганства. Рэкамендуем людзям, якія пацярпелі ад такіх дзеянняў, паведамляць у міліцыю на прамую лінію 102. У далейшым лёс хуліганаў і іх законных прадстаўнікоў будзе вырашаць камісія па справах непаўналетніх, рашэнне прымуць у адпаведнасці з дзеючымі нормамі заканадаўства.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga