Вось ужо другі тыдзень на вуліцы стаіць марознае надвор’е.
Работнікі Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба не ўпусцілі магчымасць і аператыўна залілі каток на хакейнай каробцы каля стадыёна “Колас”. Дзятлаўчане і госці горада актыўна наведваюць лядовую пляцоўку ў вольны час.
Катаюцца дзеці і дарослыя, адточваюць свае спартыўныя навыкі юныя хакеісты, дружна слізгаюць па лёдзе сем’і і кампаніі сяброў. Прыходзяць і пачаткоўцы, якія толькі-толькі нясмела робяць першыя крокі, і вопытныя віртуозы – яны ўпэўнена адчуваюць сябе на замерзлай люстраной гладзі, рухаюцца па ёй лёгка і нязмушана.
Каб зрабіць атмасферу на катку яшчэ больш дынамічнай, катанне суправаджаецца музыкай, якая зараджае бадзёрым настроем усіх прысутных. І сапраўды, калі бачыш такі ажыятаж на лядовай пляцоўцы і “агеньчык” у вачах наведвальнікаў, самому хочацца ўзяць канькі і праехацца.
Удзельнікі масавага катання падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Паліна Гушча:
– Ужо трэці год запар з задавальненнем прыходжу на каток. Сёння доўга не магла знайсці дома свае канькі і вырашыла ўзяць іх напракат, тым больш што для гэтага створаны ўсе ўмовы. На лёдзе стаю ўпэўнена і атрымліваю максімум задавальнення ад катання. На лядовай пляцоўцы я адпачываю і забываюся пра паўсядзённую мітусню. Побач сябры, якія ніколі не дазволяць мне сумаваць. Атмасфера зачароўвае і захапляе, а дынамічная музыка дадае энергіі. Усім пачаткоўцам, якія першы раз прыйшлі на каток, раю смела зрабіць першы крок на лёд, не баяцца ўпасці, не хвалявацца, калі нешта не атрымліваецца, вучыцца на сваіх памылках і слухаць вопытных таварышаў, якія абавязкова падстрахуюць і дапамогуць утрымацца на нагах.
Таццяна Свіб:
– Сёння выбраліся на каток адной вялікай сямейнай кампаніяй. Разам са мной лёд “пакараюць” сын Міша, сястра Паліна і пляменнікі. Сама стаю на каньках яшчэ са студэнцтва, а вось для дзяцей такі від актыўнага адпачынку ў навінку. Ім вельмі спадабалася катацца на каньках, хоць і не ўсё адразу атрымлівалася. Цяпер радасныя, яны просяць, каб мы як мага часцей прыходзілі на лядовую пляцоўку. Вакол выдатная атмасфера. Невялікі марозік, бязветранае надвор’е, пачышчаны ад снегу лёд, добразычлівыя адносіны, музыка з запалам і слізгаценне “як па масле” – усё гэта надае незабыўныя эмоцыі і ўражанні. Думаю, што цяпер мы будзем частымі гасцямі на катку. Усім удзельнікам масавага катання жадаю моцнага здароўя, зараджаць родных і блізкіх тым пазітывам, які яны атрымліваюць на свежым паветры. Абавязкова “выцягвайце” сваіх дамашніх з хаты, каб правесці актыўны вечар з карысцю і ў добрым настроі. Зноў жа, зараз зімы не такія суровыя, як раней, таму лавіце момант і прыходзьце на каток!
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga