Маладыя спецыялісты – жаданыя і запатрабаваныя работнікі ў кожнай з арганізацый Дзятлаўшчыны.
Творчыя і неардынарныя, яны не толькі хутка і ўдзячна вучацца ў старэйшых калег, але і самі прыносяць у працоўныя калектывы новыя ідэі.
Так чаканым папаўненнем педагагічнай сям’і раёна стаў малады настаўнік фізікі, выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Вайцешык. Ён адзін выкладае свой прадмет у сярэдняй школе №1 горада Дзятлава і ў Жукоўшчынскай базавай школе.
Аляксей нарадзіўся і вырас у Гродне. Практычнае знаёмства з законамі фізікі пачаў яшчэ ў сярэдняй школе: з 5 класа сур’ёзна займаўся спортам, у юнацкім узросце выступаў за мясцовую каманду “Кронан” у пейнтбольным клубе “Гараднічанка”.
Выбіраючы прафесію жыцця, Аляксей не разважаў надта доўга: фізіку і матэматыку добра ведаў і любіў са школы, меў жаданне падзяліцца сваімі ведамі і ідэямі з іншымі людзьмі. Таму пайшоў у педагогіку.
У час размеркавання на выпускным курсе ўніверсітэта з прапанаваных для працы гарадоў выбраў Дзятлава. Малады чалавек прызнаецца, што не ведаў наш горад раней, выбіраў па прынцыпе “бліжэй да дома”. І не пашкадаваў. Дзятлава спадабалася яму як чысты, утульны і спакойны горад.
– Калі прыехаў сюды, пешшу хадзіў па вуліцах горада, знаёміўся з мясцовасцю, – кажа Аляксей. – Тут камфортна жыць і цікава працаваць.
Як малады спецыяліст, на першым месцы працы Аляксей Вайцешык атрымаў фінансавую падтрымку ад дзяржавы. Начальства дапамагло з жыллём: настаўнік уладкаваўся ў інтэрнаце на вуліцы Савецкай, там пасябраваў з суседзямі. У школе таксама яго прынялі як свайго, дапамаглі добрай парадай і таварыскай падтрымкай.
За добразычлівасць і спагаду малады спецыяліст удзячны адміністрацыі школы № 1 горада Дзятлава.
Першы педагагічны вопыт атрымаўся паспяховым. Аляксей Сяргеевіч – любімы ў дзятлаўскіх і жукоўшчынскіх школьнікаў настаўнік, нязменны выкладчык фізікі з сёмага па адзінаццаты клас. Сам педагог задаволены: школьнікам фізіка падабаецца, вывучаюць яе старанна і з натхненнем. У размове з Аляксеем Вайцешыкам цікаўлюся, як, на яго думку, прыцягнуць сучасных школьнікаў да вывучэння школьнай праграмы.
– Для мяне гэта зрабіць не складана, – адказвае малады спецыяліст. – Я тлумачу вучням, што фізічныя з’явы і законы – ва ўсім вакол нас, прыводжу прыклады з жыцця. Я думаю, дзяцей трэба зацікавіць, і яны будуць вывучаць прадмет з задавальненнем.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup