У рамках месяца гісторыка-культурнага турызму. Давайце разам адкрываць нашу Дзятлаўшчыну

Свежыя навіны Спорт і турызм

Мясцін цудоўных, непаўторных, часам нават загадкавых, але пакуль не адкрытых на Дзятлаўшчыне шмат. І адна з іх – вёска Нагародавічы.

Што вы, паважаныя землякі, ведаеце пра яе. Амаль нічога, як і я сама некалькі гадоў таму, калі пісала артыкул у “Перамогу” пад назвай “Паўстанцы з Нагародавіч”, прысвечаны вядомаму мастаку нашай зямлі Вікенцію Дмахоўскаму. Час ідзе – усё мяняецца, было б толькі жаданне адкрываць і спасцігаць. Тут жа на тваім шляху знойдуцца дасведчаныя аднадумцы, якія і падтрымаюць, і дапамогуць. Гэта Вадзім Лакіза, дырэктар інстытута гісторыі НАН Беларусі, Зміцер Юркевіч, журналіст газеты “Культура”, які адкрывае для ўсёй Беларусі забытыя мясціны і імёны, і нашы ж землякі-вяскоўцы, што і ўспомняць, і раскажуць, і пакажуць. Так ствараецца малюнак мінулага таго ці іншага месца. А Нагародавічы – месца найцікавейшае на Дзятлаўшчыне. У першую чаргу, гістарычнымі фактамі.

На працягу XVI-XVII стагоддзяў вёска Нагародавічы належала сям’і Вельямінаў-Руцкіх, у прыватнасці, будучаму мітрапаліту Іосіфу Руцкаму (герб ВОЗ) з дабаўкай Вельямін, сыну Шчаснага Вельямінавіча Руцкага, “служэбніка” Яна Кішкі, жмудскага старасты. Вельяміны (ці Вельямінавічы) жылі на Навагрудчыне ўжо ў канцы XV стагоддзя і валодалі маёнткам Рута, таму і называліся Вельямінамі Руцкімі.

З 20 па 26 ліпеня 1617 года менавіта ў Нагародавічах адбылася першая генеральная капітула (кангрэгацыя) базыльянскіх манастыроў ВКЛ. На капітуле прысутнічаў Язафат Кунцэвіч, якога Іосіф Руцкі прызначыў тады памочнікам Полацкага арцыбіскупа. Капітула мела на мэце аднаўленне базыльянцкага ордэна, які ўзяў на сябе адукацыю і выхаванне насельніцтва, змест усіх базыльянскіх навучальных устаноў для далейшай адукацыі духавенства; капітула прыняла рашэнне аб стварэнні базыльянскай сістэмы адукацыі, якая мела вялікае пазітыўнае значэнне для развіцця нашага краю.

У 1635 годзе Нагародавічы купіў Ян Булгак “з жонкай сваёй” Ганнай Ярашанкай. Мітрапаліт Руцкі прадаў Нагародавічы з дваром, “цяглымі і чыншавымі” сялянамі, запрудай, “азёрамі і вадаёмамі” і з “царквой у тым фальварку”.

У 1661 годзе Ян Булгак прадае нядаўна набытыя Нагародавічы Ерамею Крывіцкаму (герба Любіч), спадкаемцу дзедаўскага маёнтка Крыўцоў Пінскага павета. У 1692 годзе Юрый Крывіцкі трэць маёмасці перапісаў сваёй сястры Тэадоры Сідаровіч, уладальніцы Парэчча ў Слонімскім павеце і потым судзіўся за перададзеную маёмасць з Сідаровічамі.

У XVIII стагоддзі Нагародавічы належалі Тызенгаўзам, у 1782 годзе маёмасць прададзена генерал-маёру войска ВКЛ Ігнату Мараўскаму (1744-1790). Пасля яго смерці праз суд маёмасць была падзелена на часткі і перададзена за даўгі, большую частку яго набыла беліцкая старасціха Ленская (без імя ў дакументах). У першай палове XIX стагоддзя яна прадала Нагародавічы з некалькімі фальваркамі Ігнату Дмахоўскаму, бацьку вядомага польска-беларускага мастака.

Вікенцій Дмахоўскі (1807-1862) – мастак, вучань Яна Рустэма і Казіміра Ельскага, удзельнік паўстання 1831 года жыў у маёнтку дастаткова доўга. Самая блізкая нам, дзятлаўчанам, работа Вікенція Дмахоўскага – карціна “Двор у Нагародавічах”. Калі ў 1837 годзе Дмахоўскі вярнуўся ў Вільню і прафесійна заняўся мастацтвам, ён часта наведваўся ў Нагародавічы і пісаў родны край.

Сучаснікі В. Дмахоўскага налічылі ў яго больш за сто пейзажаў і жанравых карцін, якія знаходзілі эмацыйны водгук у мясцовай шляхты і былі папулярнымі ў навагрудскіх шляхецкіх сядзібах (сярод іх “Вуліца ў Вільні”, “Замак у Крэве”, “Дом Міцкевіча ў Навагрудку”, “Маёнтак у Туганавічах”, “На начлегу”, “Ля пераправы”, “Навагрудак”, “Возера Свіцязь” і інш.)
Каля 1840 года ў Вільні В. Дмахоўскі адкрыў мастацкую майстэрню, якая за 20 гадоў працы стала своеасаблівай мастацкай школай, дзе вучыліся многія вядомыя майстры.

Лічыцца, што Дмахоўскі памёр у 1862 годзе ў Вільні, аднак зусім нядаўна даследчык Зміцер Юркевіч даказаў, што памёр ён у Нагародавічах і там жа пахаваны. Толькі, на жаль, магіла вядомага мастака не захавалася. Артыкул пра Нагародавічы і Дмахоўскіх Зміцер змясціў у маі гэтага года ў газеце “Культура” пасля свайго падарожжа па Дзятлаўшчыне. Вось што ён піша: “Спыніўся ў нейкага паваленага помніка ледзь бачнага з дзёрну і хмызнякоў. Аказалася, што гэта 1/100 каменнай агароджы вакол пляцоўкі 5×6 м. Помнікаў няма аніводнага. Магілы, падаецца, разрыты даўным-даўно. Хмызняк прыбраў. Парабіць бы грабкамі … не было. Запаліў зніча Вінцэнту і яго сям’і”.

Панскі дом у Нагародавічах быў пабудаваны ў часы Тызенгаўзаў, спалучаў у сабе рысы стылю класіцызм і народнага драўлянага дойлідства. Гэта драўляны аднапавярховы дом пад высокім паўвальмавым дахам, з высокімі прастакутнымі вокнамі ў простай ліштве. Галоўны ўваход меў ганак з дзвюма парамі калон, заканчваўся двухсхільным пакрыццём з трохкутным франтонам. Дом меў амфіладную планіроўку.

У канцы 1930-х гадоў уладальнікам Нагародавіч быў Станіслаў Дмахоўскі, лёс якога пасля 1939 года невядомы.

Як бачыце, даследаванне і ператварэнне гэтых мясцін у турыстычныя аб’екты наперадзе.

Ёсць у Нагародавічах таксама цікавая царква. Першая драўляная царква была пабудавана мітрапалітам І. Руцкім, пра што сведчылі дакументы, якія знаходзіліся ў храме яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. У адным з сучасных даследаванняў напісана, што царква пабудавана ў 2-й палове XIX стагоддзя, але “Слоўнік геаграфічны…” паведамляе, што да перабудовы ў 1894 годзе яна захоўвала свой першапачатковы выгляд. Таму, відаць, старая царква толькі перабудоўвалася.

У канцы XIX стагоддзя ў храме знаходзіўся абраз Казанскай Маці Божай, падораны ў 1894 годзе жыхаркай г. Кранштата Аляксандрай Куліковай, каб “маліліся тут перад ёй аб настаўленні на розум яе мужа Георгія, які страціў веру ў Бога”. Абраз у драўляным кіёце, пісаны на дрэве, меў пасярэбраную рызу з пазалочаным ззяннем.

У канцы XIX стагоддзя ў царкве служылі адзін святар і два псаломшчыкі. Царква мела 60 дзесяцін зямлі, з іх дзве дзесяціны двара. Парафію складалі 290 двароў, колькасць вернікаў: мужчын – 1160, жанчын – 1135. Пры храме дзейнічала царкоўна-прыходскае апякунства, якое мела шэсць школак у вёсках прыхода – у Зачэпічах, Каршаках, Нагародавічах, Погірах, Серафінах і Вусці. У гэтых школах вучыліся 111 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак.

Трэба дапоўніць, што прыхаджанінам Нагародавіцкай царквы быў Святамучанік іерэй Уладзімір Хрышчановіч, расстраляны ў 1933 годзе, нарадзіўся ён у Гезгалах у 1875 годзе.

А яшчэ ў Нагародавічах быў “Скарбец”, будынак касцёла ў барочным стылі. Першапачаткова, у XVI стагоддзі, гэта быў кальвінскі збор (бацька мітрапаліта І. Руцкага – Фелікс Руцкі – быў кальвіністам, і будучы мітрапаліт у маладосці менавіта з кальвінізму перайшоў у унію), з часам быў закінуты і выкарыстоўваўся пад склад (часткова – у якасці жылых памяшканняў) і, хутчэй за ўсё, па гэтай прычыне атрымаў назву “скарбец”. Выява будынка ёсць на карціне Вікенція Дмахоўскага “Двор у Нагародавічах”, толькі відаць ён здаля.
“Скарбец” у Нагародавічах не захаваўся да нашага часу, але, магчыма, ён быў адным з самых ранніх сакральных будынкаў, пабудаваных у стылі барока ў Беларусі.

Вось такія яны, Нагародавічы, вядомая і невядомая мясціна, да якой  з часам будзе пралягаць турыстычны маршрут “Гістарычнае мінулае краю”.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga