Чаму мала малака?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці разгледжаны вынікі кантролю за мерамі, што прымаюцца па павышэнні эканамічнай эфектыўнасці вядзення малочнай жывёлагадоўлі ў рамках зацверджанай Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гады.

Адзначана, што ў вобласці не выконваюцца паказчыкі, даведзеныя Дзяржаўнай праграмай. У асобных раёнах дапушчана ў 2018 годзе зніжэнне вытворчасці малака: Воранаўскі (97,3%), Слонімскі (92,9%), Дзятлаўскі (97,4%), Лідскі (98,4%), Астравецкі ( 96,1%) і Ашмянскі (95,9%).

У 2018 годзе скарацілася колькасць арганізацый, якія маюць сярэдні надой 5000 кг і больш на карову.

Асноўнымі прычынамі нізкай эфектыўнасці работы малочнатаварных фермаў з’яўляюцца парушэнні тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы, нізкая якасць кармоў з-за парушэнняў пры закладцы, пралікі ў аднаўленні, нізкая забяспечанасць кадрамі. У вобласці не вырашана праблема нарыхтоўкі кармоў у аб’ёмах, неабходных для пераводу жывёлы на круглагадовае стойлавае ўтрыманне і збалансаванае аднатыпнае кармленне.

Недабор кармоў абумоўлены шэрагам прычын, у тым ліку неправядзеннем своечасовай падкормкі шматгадовых траў, сенажацяў і пашы, нізкімі тэмпамі перазалужэння лугапашавых угоддзяў і падсеву шматгадовых траваў.

Калегіяй накіраваны ў Гродзенскі абласны і раённыя выканаўчыя камітэты прапановы аб прыняцці мераў па безумоўным выкананні даручэння Кіраўніка дзяржавы, захаванні пагалоўя і прадукцыйнасці жывёлаў, павышэнні эфектыўнасці работы пабудаваных і рэканструяваных малочнатаварных фермаў.

Аляксандр САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці