Адсутнасць зроку гэтаму зусім не перашкода.
На Дзятлаўшчыне ёсць людзі, якія прыкладамі з уласнага жыцця развенчваюць міфы аб бездапаможнасці невідушчага чалавека. Адна з іх – прадстаўніца Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Святлана Крэйдзіч.
Яе сын Віталь у чатыры гады страціў зрок. Разам яны пераадольвалі ўсе цяжкасці, ніколі не адчайваліся. З дзевяцігадовага ўзросту ён навучаўся ў Гезгалаўскай сярэдняй школе, затым паступіў у Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж па класе альта, але па стане здароўя правучыўся толькі два гады. Затое ён скончыў Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогіі і дызайну па спецыяльнасці “аператар ЭВМ” і цяпер дыстанцыйна дапамагае інвалідам па зроку асвоіць навыкі работы з камп’ютарам, планшэтам і тэлефонам.
Святлана Пятроўна з непрыхаваным пачуццём радасці і гонару расказвае пра тое, што яе сын цалкам сацыялізаваны, вядзе актыўнае жыццё. Але больш за ўсё матчына сэрца радуецца, што Віталь знайшоў сваю другую палавінку Настассю. У маладой сям’і нарадзіўся хлопчык, якому 1 лістапада споўнілася пяць гадоў. Не абышлося без цяжкасцяў. Калі Уладзіку было паўтара месяца, дактары выявілі ў яго злаякасную пухліну сятчаткі вока, як некалі ў Віталя. Пераадолена некалькі гадоў барацьбы з хваробай, і цяпер па шчаслівым позірку хлопчыка ніхто і не здагадаецца, што Уладзік бачыць адным вокам. Ён наведвае Гезгалаўскі яслі-сад, але самае галоўнае – жыве ў выдатнай і цудоўнай сям’і. Там, дзе радасці і нягоды дзеляць на ўсіх, заўсёды разам, з верай і надзеяй глядзяць толькі наперад.
Святлана Пятроўна, якая зведала нямала выпрабаванняў лёсу, лічыць, што трэба жыць поўна, ярка і прыгожа. І дарыць усё гэта свайму дзіцяці. Яна ўпэўнена, што невідушчыя людзі – прыклад мэтанакіраванасці і жадання рухацца да мэты, нягледзячы на асаблівасці здароўя, а, магчыма, і дзякуючы ім. Любыя вышыні дасягальныя, калі ёсць імкненне і вера ў сябе.
Святлана РАНЦЭВІЧ,
сацыяльны педагог Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga