Ацёкі – у чым прычына?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Часам, асабліва ў летнюю спёку, можна заўважыць, што ногі значна павялічыліся ў памеры і абутак раптам стаў цесны.

Віной таму ацёкі – яны як правіла, не суправаджаюцца моцным болем, дастаўляюць толькі візуальны дыскамфорт. Нярэдка гэтыя сімптомы ігнаруюць, не спяшаюцца паказацца ўрачу. І дарэмна.

Ацёчнасць можа сведчыць пра запушчаную хваробу. Своечасова звярнуўшыся да доктараможна прадухіліць развіццё сур’ёзнага захворвання, — папярэджвае ўрач-тэрапеўт Таццяна Свіб.

Напрыклад, ацёкі могуць сведчыць аб захворванні вен. Характэрная прыкмета “вянозных” ацёкаў – аднабаковасць: ацякаць можа толькі адна канечнасць. Ацёчнасць звычайна з’яўляецца ў другой палове дня і за ноч праходзіць. Калі ж ацёкі ног захоўваюцца да раніцы, прычыну варта шукаць у іншым.

Напрыклад, віноўнікам ацёкаў могуць быць паталогіі сэрца, якія часцей за ўсё ўзнікаюць у пажылых людзей з запушчанымі хваробамі і гіпертаніяй. Пацвердзіць ці абвергнуць гэта дапамогуць кардыяграма і УГД сэрца.

Прычына можа быць і ў хваробах нырак. Адметная асаблівасць такіх ацёкаў – наяўнасць іх раніцай і ацёчнасць на твары. Да таго ж гэта заўсёды двухбаковы ацёк. Калі ў вас здаралася пераахаладжэнне ці парушана функцыя мочаспускання, хутчэй за ўсё, прычына ацёкаў у гэтым.

Акрамя таго, прычынай ацёкаў бываюць змены гарманальнага фону ў жанчын і анкапаталогія прастаты ў мужчын, захворванні палавой сістэмы і парушэнні работы наднырачнікаў.

У некаторых выпадках ногі могуць ацякаць ад паталогій работы адразу некалькіх органаў (напрыклад сэрца і нырак адначасова). У любым выпадку не варта займацца самалячэннем – толькі доктар зможа дапамагчы знайсці прычыну ацёкаў і назначыць адпаведнае лячэнне.

Марыя ПАПОВА