Камунальнікі выйшлі на масавы суботнік. Далучайцеся!

Важнае Грамадства

Хочаш парадку – пачні з сябе.

Салідарныя з гэтым меркаваннем дзятлаўскія камунальнікі разам выйшлі на суботнік па навядзенні парадку ў райцэнтры.

У ім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх аддзелаў Дзятлаўскага РУП ЖКГ – ад рабочых да адміністрацыі. Як пажартавалі самі работнікі прадпрыемства, зачынілі адміністрацыю на ключ – і ўсе пайшлі наводзіць парадак.

Удзельнікі мерапрыемства працавалі як на аб’ектах камунальнай уласнасці, так і на вуліцах горада. Дружна талакой пачысцілі газоны ў цэнтры горада ад мінулагодняга лісця і смецця, прыбралі з дарог пясчана-салявую сумесь, што назапасілася за снежную зіму, навялі парадак на тратуарах і дарожках Дзятлава.

У той жа час будаўнічая брыгада жылкамунгаса займалася ўкладкай новага тратуара па вуліцы Кірава, які будзе пралягаць да ўведзенага летась у эксплуатацыю шматкватэрнага дома па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ. Брыгада па азеляненні ажыццявіла падрэзку пладовых дрэваў, якія выступалі за межы прыватных падворкаў і перашкаджалі гараджанам хадзіць па тратуары.

Нашы камунальнікі не абмінулі ўвагай і манументы героям Вялікай Айчыннай вайны: адрамантавалі помнік Героям Савецкага Саюза Я. Я. Фогелю і П. Г. Пятрову і помнік абаронцам Дзятлава, што ў гарадскім скверы. У хуткім часе тут пройдуць памятныя мітынгі да Дня Перамогі.

– Спадзяёмся, што наш актыўны старт падтрымаюць іншыя арганізацыі і прадпрыемствы горада, навядуць парадак каля сваіх адміністрацыйных будынкаў і тэрыторый, – адзначыў намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль. – Усіх гараджан просім таксама далучыцца і паўдзельнічаць у навядзенні парадку не толькі на ўласных падворках, але і побач з імі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga