Хто перахварэў, той разумее і беражэцца
Нягледзячы на намаганні медыкаў усяго свету, каранавірус не здаецца і прадаўжае “вандраваць” па планеце. Цяпер шмат увагі надаецца вакцынацыі, якая павінна спыніць націск пандэміі, абараніць людзей ад цяжкіх формаў цячэння захворвання.
Вось пра што расказваюць нашы землякі, якім давялося «паспрабаваць» цяжар каранавірусу.
Алена Якаўчык, спецыяліст Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, 57 гадоў:
– На каранавірусную інфекцыю я захварэла ў кастрычніку 2020 года, дзе яе падхапіла, дакладна не ведаю, магчыма, на рабоце. Першыя два дні ляжала дома, думала, што звычайная прастуда, тым больш, што страты абаняння не было, толькі пачаўся моцны кашаль. Затым даведалася, што ў калегі пацвердзіўся COVID-19, аднак аптымізму не губляла, меркавала, што ў мяне такога не будзе.
Хутка заразіўся і муж, пасля двух дзён тэмпературы ён прыняў рашэнне ісці ў паліклініку. Калі паведаміў, што з дыягназам “пнеўманія” кладзецца ў бальніцу, я моцна заперажывала, як застануся хворая адна? Сын прыехаў і завёз мяне на флюараграфію, якая “паказала” пнеўманію. У мяне ўзялі тэст на COVID-19, ён аказаўся станоўчым.
У бальніцу трапіла ў самы пік, было вельмі цяжка фізічна і маральна, бо побач знаходзілася шмат хворых людзей, не дай Бог каму-небудзь такое перажыць. Ляжала пластом, нават па тэлефоне з блізкімі размаўляць не хацелася, не было сіл, хацела толькі спакою. Мой тагачасны стан можна назваць “тыднем аду”: спаць не магла, усё ў арганізме балела, ежа не ішла, нават шклянку вады за раз не магла выпіць, хаця іншыя хворыя наадварот шмат пілі. Што тычыцца тэмпературы, то на пачатку захворвання яна была 38,5 градуса, затым мучылася я пераважна ад нізкай сатурацыі (узроўню кіслароду), з-за чаго цэлыя дні даводзілася ляжаць на жываце, а вось выходзіць з палаты нам дазвалялася толькі тады, калі яе кварцавалі, у іншы час нават па калідоры нельга было гуляць.
Каранавірус перажыла, аднак ён пакінуў нежаданы “сюрпрыз” – у мяне падключыўся цукровы дыябет, цяпер даводзіцца пастаянна піць таблеткі, а раней праблем з гэтым не было. Пасля бальніцы мы з мужам паступова прыходзілі ў норму, стараліся больш гуляць на свежым паветры. Скончылася лета – спачатку прышчапіўся муж, за ім і я. Заклікаю ўсіх жыхароў раёна зрабіць тое ж самае. Пасля вакцынацыі я адчула сябе больш абароненай: захварэеш-не захварэеш, але таго жаху, праз які ўжо прайшлі, спадзяюся, не будзе. Ва ўсялякім разе, для свайго здароўя я зрабіла ўсё магчымае. Штамы COVID-19 пастаянна мяняюцца, а прышчэпка беражэ людзей. Ды і хто паспрачаецца з тым, што ранейшыя вакцыны ўжо ўратавалі чалавецтва ад страшных хваробаў – воспы, поліяміэліту, малярыі, сталбняку. Спіс можна прадаўжаць.
Віктар Петрукевіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама, 43 гады:
– На каранавірус я перахварэў у лістападзе мінулага года. У мяне паднялася тэмпература, спачатку не вельмі вялікая, затым станавілася ўсё вышэйшай, перастала збівацца. На “хуткай дапамозе” мяне адвезлі ў бальніцу, найперш у аддзяленне, аднак адтуль на тыдзень трапіў у рэанімацыю. Лячэнне было даволі інтэнсіўным: уводзілі антыбіётыкі, гарманальныя прэпараты, нават донарскую плазму, падключалі кісларод. У мяне было пашкоджана 83 % лёгкіх, цяжка было ўставаць з ложка, хадзіць мог толькі прытрымліваючыся за сцяну.
Пасля рэанімацыйнага аддзялення яшчэ некалькі дзён правёў у бальніцы, затым вярнуўся дахаты і выйшаў на службу. На жаль, вірус наклаў свой адбітак на здароўе: цяпер я адчуваю сябе не настолькі добра, як да хваробы.
Разам з калегамі па службе я прышчапіўся яшчэ ў сёлетнім жніўні, таму ў хуткім часе давядзецца праходзіць рэвакцынацыю. Мне калолі расійскі прэпарат “Спутник V”, абодва разы перанёс нармальна. Каранавірус – хвароба вельмі сур’ёзная і цяжкая. Ад яе таксама вакцынаваліся мае бацькі, таму будзем спадзявацца на лепшае.
***
У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы сфарміравана спецыяльная брыгада медыкаў, якая выязджае прышчапляць ад каранавірусу пажылых людзей і інвалідаў дадому. Заяўкі прымаюцца па нумары 6-48-36, таксама можна тэлефанаваць свайму ўчастковаму доктару. Звяртайцеся.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga