У лістападзе 2021 года Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі даў старт новаму праекту – “Конкурс моладзевых ініцыятыў”.
Як расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, да ўдзелу ў ім запрашаюцца некамерцыйныя моладзевыя і дзіцячыя грамадскія аб’яднанні, фарміраванні, установы адукацыі, арганізацыі, ініцыятыўныя групы, якія з’яўляюцца членамі грамадскіх аб’яднанняў.
Жадаючыя паўдзельнічаць у конкурсе павінны на працягу лістапада накіроўваць заяўкі вызначанага ўзору ў электроннай форме ці заказным пісьмом на адрас арганізатараў: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 40 (ГА “БРСМ”). У заяўку, акрамя асабістых даных і адраса, трэба ўключыць пакет дакументаў з апісаннем ініцыятывы, мяркуемага выніку ад яе, а таксама праект падліку расходаў і іх абгрунтаванне, план з пазнакай тэрміну рэалізацыі, указанне на тэрыторыю для ажыццяўлення ініцыятывы. Больш падрабязна аб умовах праекта і спосабах падачы заявак можна даведацца на сайце “Моладзь Беларусі” brsm.by.
Ініцыятывы можна фарміраваць па наступных кірунках: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне; работа з моладдзю ў інфармацыйнай прасторы; прававое выхаванне; развіццё валанцёрскага руху; экалагічны кірунак; развіццё сацыяльнай інфраструктуры; духоўнае і фізічнае выхаванне.
Пры ацэнцы ініцыятыў экспертны савет будзе ўлічваць актуальнасць і сацыяльную значнасць праекта, яго маштабнасць і колькасны ахоп моладзі, вопыт і кампетэнцыю каманды, верагоднасць паспяховай рэалізацыі, сацыяльны, эканамічны і іншыя эфекты, прыцягненне да рэалізацыі шырокага кола партнёраў, навізну, рэсурсы, асабісты ўклад і ўстойлівасць вынікаў.
Інфармацыя аб пераможцах па заканчэнні конкурсу будзе размешчана на сайце ГА “БРСМ”.
Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі для ўдзельнікаў “Конкурсу моладзевых ініцыятыў” арганізоўваюцца навучальныя анлайн-семінары.
Наш моладзевы праект – гэта ваш шлях да поспеху. Далучайцеся!
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga