Галоўнае пажаданне – моцнага здароўя

Галоўнае Улада

Напярэдадні 50-годдзя з дня ўтварэння Дзятлаўскага ПМС на тэрыторыі прадпрыемства адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны юбілейнай даце.

Мерапрыемства сабрала работнікаў прадпрыемства з Дзятлаўскага і Карэліцкага раёнаў. Павіншаваць іх прыехалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, генеральны дырэктар АУП “Гроднамеліявадгас” Барыс Багданец, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык павіншаваў свой калектыў з юбілейнай датай, нагадаў прысутным, які няпросты шлях прайшло прадпрыемства за гэтыя паўстагоддзя, падзякаваў усім, хто многія гады заставаўся верным свайму калектыву і абранай прафесіі.

Словы ўдзячнасці і віншавання меліяратарам адрасаваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм стала лакаматывам развіцця пасёлка Казлоўшчына. Хачу выказаць словы ўдзячнасці людзям, якія стаялі каля вытокаў прадпрыемства і тым, хто паспяхова прадаўжае іх пачынанні. Вас ведаюць, цэняць, вам давяраюць. Дзякую за супрацоўніцтва і віншую ўсіх са святам!

Андрэй Уладзіміравіч уручыў меліяратарам узнагароды ад раённага выканаўчага камітэта. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі ўзнагароджаны машыніст экскаватара Уладзімір Міцкевіч, машыніст бульдозера Мікалай Марцінчык, слесар-рамонтнік Аляксандр Лішык, Падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама – прараб Аляксандр Бандаровіч, машыніст экскаватара Аляксандр Панасенкаў, машыніст бульдозера Аляксандр Самахвал, машыніст экскаватара Аляксандр Хіневіч, вядучы эканаміст Раіса Пятліцкая, вадзіцель аўтамабіля Аляксандр Карнелік.

Генеральны дырэктар АУП “Гроднамеліявадгас” Барыс Багданец шчыра павіншаваў калег па працы са знакавай датай:

– Сёння вы – мабільныя, вопытныя прафесіяналы. Вы можаце выконваць любыя віды работ і працаваць усюды ў нашай краіне. Вы актыўна ўдзельнічалі ў будаўніцтве Аўгустоўскага канала, актыўна працавалі ў Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях, рэалізуючы пры гэтым значныя праекты і на малой радзіме. Пацвярджэннем стала сёлетняе адкрыццё моста ў Дзятлаве. Ваш прафесіяналізм падмацоўваецца магутнай падтрымкай кіраўніцтва прадпрыемства. Жадаю не зніжаць планку, у далейшым таксама актыўна працаваць, удзельнічаць у важных праектах, якія рэалізуюцца ў нашай краіне, а самім меліяратарам – моцнага здароўя.

Барыс Іванавіч уручыў Ганаровыя граматы АУП “Гроднамеліявадгас” начальніку Карэліцкага ўчастка Васілю Баўдзею; вадзіцелям аўтамабіля Уладзіміру Дзянісіку, Барысу Гародку, Уладзіміру Кузьмічу, слесару-рамонтніку Віктару Макарчыку; машыністам экскаватара Сяргею Альшэўскаму, Сяргею Макарчыку, Уладзіміру Скрундзю; вядучаму спецыялісту па кадрах Алене Галаванёвай; бетоншчыку Аляксандру Шчэрбу, мантажніку вонкавых трубаправодаў Сяргею Шчэрбу.

У падарунак ад АУП “Гроднамеліявадгас” Дзятлаўскі ПМС атрымаў грузавы сядзельны цягач і аўтамабіль КамАЗ з паўпрычэпам, а таксама ноўтбук для спецыялістаў арганізацыі.

Да віншаванняў далучыўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і ўручыў прафсаюзныя ўзнагароды: Граматай Гродзенскага абласнога прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу быў адзначаны дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык, Падзякай Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу – майстар Мікалай Магуйла і машыніст экскаватара Уладзімір Ляждзей.

У час сустрэчы Віктар Адамчык прэзентаваў кнігу “З клопатам аб роднай зямлі. 50 гадоў Дзятлаўскаму прадпрыемству меліярацыйных сістэм”, якая расказвае пра гісторыю станаўлення прадпрыемства і яе работнікаў. Яе працяг яшчэ напішуць сваёй працай сённяшнія і будучыя пакаленні меліяратараў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga