Інфатурнэ. Каб Дзятлаўшчына была вядомай і папулярнай

Галоўнае Спорт і турызм

Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага адбылося пасяджэнне раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме пры Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце з удзелам намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяны Лідзяевай.

Аб эфектыўнасці развіцця ўнутранага турызму на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Спынілася на тым, што ўжо працуюць і ствараюцца новыя маршруты, ёсць атэставаны экскурсавод, удасканальваецца навігацыя, выпускаецца паліграфічная прадукцыя, пакет турпаслугаў раёна папулярызуецца на выставах рознага ўзроўню.

Станоўча складваецца супрацоўніцтва з Дзятлаўскім лясгасам, Дварэцкім домам культуры, Новаяльнянскай сярэдняй школай, Дзятлаўскай дзіцячай школай мастацтваў, рамеснікамі Сяргеем Балыковым і Анатолем Кардашом. Каб развівацца далей, спектр прапановаў неабходна пашыраць. Калі аналізаваць, па-ранейшаму ў раёне самы папулярны лячэбна-аздараўленчы турызм, доля якога складае 94 % ад усяго турпатоку, або 21 365 чалавек, у тым ліку 10 605 іншаземцаў. На Дзятлаўшчыне функцыянуюць 4 аграэкасядзібы, якія летась наведалі 1523 госці.

Дынамічна развіваецца актыўны адпачынак, у прыярытэце байдарачныя сплавы, якіх сёлета адбылося 67 для 716 турыстаў. З 2021 года функцыянуе веласіпедны маршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, распрацаваны сумесна з лясгасам, укаранёна і паслуга навагодняга экаквэсту “Ключы Бабулі Зімы”, якая штогод абнаўляецца. Для  папулярызацыі веламаршруту тэлеканалам АНТ зняты рэпартаж да 9 мая 2023 года, актыўна маршрут выкарыстоўваецца для правядзення акцый, апошняя з якіх “Час быць разам” была прымеркавана да Дня народнага адзінства.

Пазітыўная тэндэнцыя намецілася ў гісторыка-культурным турызме: з красавіка ў раёне арганізавана экскурсійная дзейнасць, праведзена 53 экскурсіі па маршруце “Знаёмцеся – Дзятлава!” для 1274 чалавек, сярод якіх былі адпачывальнікі санаторыя “Радон”. На перспектыву стаўка зроблена на ўкараненне анімацыі, інфармацыйных тэхналогій, шырокае наведванне культурных аб’ектаў раёна. Найбольш значнымі падзейнымі мерапрыемствамі Дзятлаўшчыны сталі “Фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, свята вышыванкі, абрад “Юр’я” ў вёсцы Ахонава. Намечаны перспектывы развіцця ў экатурызме. Запатрабаваны паляўнічыя туры, якіх сёлета арганізавана 313, зароблена 3,9 тысячы долараў ЗША. Прамысловы, рэлігійны, гастранамічны, дзелавы турызм менш папулярныя, аднак ёсць пэўныя задумкі і ў гэтых напрамках.

З улікам аналізу дзейнасці распрацавана стратэгія развіцця турызму на Дзятлаўшчыне на наступныя два гады, якой вызначаны мэты, прыярытэтныя віды, абазначаны задачы і напрамкі. Для папулярызацыі паслугаў заключаюцца дагаворы з турфірмамі, наладжана супрацоўніцтва з інтэрнэт-пляцоўкай “Ветліва”, прайшоў атэстацыю аўдыёгід “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, набыты радыёмікрафон. У раёне чакаюць турыстаў, робяць усё магчымае, каб Дзятлаўшчына стала вядомай і папулярнай.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка і загадчык сектара культуры Васіль Шыцько расказалі аб эфектыўнасці рэалізацыі турыстычных паслугаў, створаных на базе ўстановаў культуры і адукацыі. Адзначана, што ўжо пакладзены пачатак уключэння школьных музеяў у рэгіянальныя турысцка-экскурсійныя маршруты, навучэнцамі і педагогамі распрацоўваюцца інтэрактыўныя, тэатралізаваныя, віртуальныя, персаніфікаваныя, перасоўныя, анімацыйныя праграмы, квэст-экскурсіі, меню традыцыйных беларускіх страваў, майстар-класы, віртуальная кніга “Кулінарна-гастранамічная энцыклапедыя Дзятлаўшчыны”, а ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі хутка будзе адкрыты свой музей.

Установы культуры раёна таксама прапаноўваюць турыстам разнастайныя інтэрактыўныя праграмы, вырабляюць сувенірную прадукцыю, на сайце цэнтра культуры і народнай творчасці ёсць анонсы мерапрыемстваў і прэйскурант цэнаў на паслугі. Творчы калектыў Дварэцкага дома культуры ў саставе дэлегацыі раёна сёлета прымаў удзел у кірмашы турпаслугаў “Адпачынак-2023” і турыстычным форуме “Адкрый Беларусь”.

Дырэктар ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Сяргей Дурко расказаў, як на Дзятлаўшчыне на базе рэспубліканскага заказніка “Ліпічанская пушча” распрацоўваюцца зялёныя маршруты.

На добраўпарадкаванні турыстычных стаянак на водных маршрутах і выкананні пункта 13 Комплекснага плана мерапрыемстваў па развіцці турызму на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна за 2023 год, спыніўся загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда.

Метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Пазняк расказала аб падрыхтоўцы вучняў да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь згодна з прыкладным комплексам “Абаронца Айчыны”, спынілася і на выкарыстанні патэнцыялу ўрокаў фізкультуры і спартыўных секцый.

Абмеркавалі і такія пытанні, як выкананне паказчыка па экспарце турыстычных паслугаў санаторыямі “Радон” і “Альфа Радон”; прыняцце аддзелам адукацыі і сектарам культуры дадатковых мераў па атэстацыі экскурсаводаў; выкананне аддзелам адукацыі пункта 8 пратакола даручэнняў раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме ад 25 ліпеня 2023 года № 2.

Вынікі сустрэчы падвяла Таццяна Лідзяева:

– Дзятлаўшчына – традыцыйны лідар Гродзенскай вобласці па экспарце турыстычных паслугаў, яе ўнёсак у агульны вынік Прынёмання – 60 %, зроблены за кошт санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, якія па праву можна лічыць лепшымі ў рэспубліцы. Сярод задач раёна – яшчэ больш разнастаіць паслугі для турыстаў, часцей рабіць стаўку на адпачынак беларусаў у сваёй краіне. Рэалізаваць гэта можна за кошт актывізацыі такіх напрамкаў, як паляўнічы, экалагічны, падзейны турызм. Безумоўна, госці чакаюць не толькі цікавую інфармацыю і камфортныя аб’екты, але і анімацыйныя праграмы, квэсты, бо едуць па яркія ўражанні.

Таццяна Аляксандраўна падтрымала ідэю распрацоўкі такога напрамку стратэгіі, як “Дзятлаўшчына гераічная”, у тым ліку параіла пазіцыяніраваць яго на выставах. Таксама прагучала прапанова шырэй выкарыстоўваць для папулярызацыі раённага турпрадукту сацыяльную сетку TikTok. Упраўленне спорту і турызму ў сваю чаргу гатова пасадзейнічаць у арганізацыі на Дзятлаўшчыну рэкламных тураў, а таксама ўключыць раён у каталог інвестпрапановаў па развіцці турысцкай інфраструктуры.

Таццяна Лідзяева падзякавала кіраўніцтву раёна за адкрыццё турыстычнага інфармацыйнага цэнтра і ўручыла ўзнагароды ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама за значны ўклад у развіццё турызму на Гродзеншчыне і ўдзел у выставах дырэктару ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Сяргею Дурко і галоўнаму доктару санаторыя “Радон” Леаніду Карпішэвічу.

Прыемную місію прадоўжыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік. За плённае супрацоўніцтва з прафсаюзамі ён падзякаваў спецыялістам сектараў спорту і турызму, культуры райвыканкама, Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра, дырэктару якога Дзінары Харошка ўручыў падзячны ліст аб’яднання.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga