“Вакцынацыя. І сабе і людзям”

Грамадства Свежыя навіны

Пад такім слоганам у Беларусі праходзіць інфармацыйная кампанія па садзейнічанні вакцынацыі, у якую актыўна ўключыліся валанцёры Таварыства Чырвонага Крыжа, грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “БРСМ”.

Днямі старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк раздала дзятлаўчанам памяткі аб вакцынацыі, частку з іх яна мяркуе перадаць кіраўнікам арганізацый для распаўсюджвання і размяшчэння на інфармацыйных стэндах.

– Вакцына ад COVID-19 актывізуе прыродныя ахоўныя механізмы чалавека і стварае імунітэт да віруса, – патлумачыла пры ўручэнні памятак Галіна Эдвардаўна. – Пасля вакцынацыі імунная сістэма распазнае вірус, фарміруе антыцелы, якія змагаюцца з захворваннем: яны “запамінаюць” узбуджальніка хваробы, каб перамагаць яго ў далейшым. Калі каранавірус трапляе ў арганізм прышчэпленага чалавека, яго імунная сістэма хутчэй спраўляецца з пагрозай і не дапускае цяжкіх формаў хваробы.

Галіна Касцюк расказала, што раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа цяпер вядзе прафілактычную работу ў двух кірунках: па-першае, інфармуе землякоў аб вакцыне супраць COVID-19, па-другое, аказвае садзейнічанне медыкам, у тым ліку арганізоўвае выезд спецыялістаў у аддаленыя населеныя пункты для вакцынацыі жыхароў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: