Дарога да храма для “Праменьчыка”

Важнае Грамадства

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна разам з Царквой рэалізоўвае 3 доўгатэрміновыя сацыяльныя праекты.

Праект “Духоўнае ў бачным” дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі праз паломніцкія паездкі дакрануцца да святыняў, даведацца шмат новага і цікавага пра храмы і манастыры нашай рэспублікі. Яны ўжо пабылі ў Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім манастыры, Жыровіцкай абіцелі, Спаса-Праабражэнскім манастыры вёскі Хмелева, Свята-Елісавецінскім манастыры горада Мінска.

Пражыць “Адзін дзень у славу Божую” наведвальнікам “Праменьчыка” дапамагае аднайменны праект, у рамках якога працоўныя дэсанты асаблівых людзей удзельнічаюць у добраўпарадкавнні тэрыторыі каля гарадскіх храмаў.

Праект “Даступная школа духоўнасці” расказвае наведвальнікам аддзялення аб праваслаўнай культуры, святах і традыцыях, правілах паводзінаў у храме.

Так, на Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы людзі з абмежаванымі магчымасцямі наведалі дзятлаўскую царкву Праабражэння Гасподня, дзе іерэй Іаан Кісель расказаў ім аб гэтым светлым свяце, затым разам з іншымі прыхаджанамі храма яны ўзнеслі сумесную малітву за Беларусь Нябеснай Заступніцы.

А на свята Уздвіжання Крыжа Гасподня ў аддзяленне “Праменьчык” прыйшлі іерэй Аляксей Сцепановіч і сёстры сястрынства Святой Блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Госці пагутарылі з асаблівымі людзьмі аб тым, як павінны паводзіць сябе праваслаўныя хрысціяне, расказалі пра паходжанне і традыцыі свята, раздалі прынесеныя пачастункі.

Рэалізацыя праектаў прадаўжаецца, наперадзе ў наведвальнікаў аддзялення яшчэ шмат цікавых спраў, сустрэч і паездак.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga