Зручны і надзейны (+відэа)

Важнае Улада

У Год народнага адзінства меліяратары і камунальнікі раёна ўвялі ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі мост праз раку Дзятлаўка, што звязаў дзве часткі горада.

Сёння адбылося ўрачыстае адкрыццё аб’екта, у якім прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі Дзятлаўскіх прадпрыемства меліярацыйных сістэм і жылкамунгаса, жыхары райцэнтра.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падкрэсліў вялікае значэнне гэтай падзеі:

– Кажуць, што мост звязвае людзей. Тым больш сімвалічна адкрываць такі аб’ект у Год народнага адзінства. Мне, як кіраўніку раёна, заўжды вельмі прыемна, калі ў горадзе Дзятлаве і раёне будуюцца і рэканструіруюцца новыя аб’екты, жыццё дзятлаўчан становіцца больш камфортным і зручным.

Андрэй Уладзіміравіч падзякаваў за супрацоўніцтва ўсім, хто прымаў удзел у рэканструкцыі моста. Ён адзначыў, што сёлетняя восень, як і мінулагодняя, “ураджайная” на раённыя дасягненні. Калі ў мінулым годзе аб’ём мантажна-будаўнічых работ быў выкананы на 170 %, сёлета будзе не горш. Да канца года яшчэ шмат смелых планаў атрымаюць рэалізацыю: будзе праведзена асфальтаванне вуліцы Азёрнай, цяпер завяршаецца рамонт пятага паверха раённай бальніцы, рыхтуецца да здачы 72-кватэрны дом па вуліцы Навагрудскай, падыходзяць да фінішу рэканструкцыя дваровай тэрыторыі і капітальны рамонт дома № 22 па вуліцы Перамогі.

– Усе гэтыя праекты патрабуюць каласальных грашовых укладанняў, – заўважыў кіраўнік раёна. – Часткова яны фінансуюцца згодна з абласной інвестпраграмай, але абсалютная большасць сродкаў – з інвестпраграмы раёна і раённага бюджэту. Гэты факт пацвярджае відавочнае: эканоміка раёна функцыянуе стабільна, мы маем сродкі на тое, каб мяняць жыццё нашых грамадзян да лепшага.

Дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Гроднамеліявадгас” Барыс Багданец выказаў словы радасці і ўдзячнасці на адрас партнёраў па справе:

– Для нас, будаўнікоў, сённяшняе адкрыццё – сапраўды вялікае свята. Работы, якія вяліся ў надзвычай складаных умовах, завершаны, мост уведзены ў эксплуатацыю. З упэненасцю магу сказаць, што два работнікі Дзятлаўскага ПМС, якія сёння прысутнічаюць тут, – галоўны інжынер Дзмітрый Мазоль і прараб Аляксандр Бандаровіч – пры неабходнасці змогуць узвесці любое збудаванне ў горадзе Дзятлаве і не толькі тут. Словы вялікай удзячнасці хачу выказаць кіраўніцтву і супрацоўнікам райвыканкама за актыўны ўдзел у рэканструкцыі ад самага яе пачатку і да завяршэння.

На свяце гучалі імёны тых, хто непасрэдна працаваў на рэканструкцыі моста. Гэта работнікі Дзятлаўскіх ПМС і РУП ЖКГ: мантажнікі вонкавых трубаправодаў Сяргей Шчэрба і Віталь Бякета, бетоншчык Аляксандр Шчэрба, рабочы зялёнага будаўніцтва Яўген Іванашка, тынкоўшчык Дзяніс Кухта, машыністы экскаватара Уладзімір Міцкевіч, Уладзімір Ляждзей і Аляксандр Панасенкаў, вадзіцель-машыніст крана аўтамабіля Аляксандр Цяцерын.

Дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык нагадаў прысутным, што мост па вуліцы Камсамольскай – другі ў прафесійнай кар’еры маладых і амбіцыёзных інжынерных работнікаў прадпрыемства. Ён падзякаваў меліяратарам, якія ўзводзілі мост, за прафесіяналізм і вытрымку, праяўленыя ў складаных умовах працы.

– Апошнім часам мы часта ў тандэме з камунальнай службай раёна, заўжды надзейна і плённа, – адзначыў Віктар Уладзіміравіч. – Спадзяёмся ў будучым рэалізаваць яшчэ не адзін праект на Дзятлаўшчыне.

Да яго слоў далучыўся дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня, падзякаваў меліяратарам за работу:

– Больш за дзесяцігоддзе мы з’яўляемся партнёрамі з прадпрыемствам меліярацыйных сістэм, за гэты час агульнымі намаганнямі ўведзена ў эксплуатацыю нямала значных аб’ектаў. Да канца года меліяратары папрацуюць яшчэ на дзвюх пляцоўках у Дзятлаве: выканаюць рэканструкцыю сетак водазабеспячэння і каналізацыі ў райцэнтры. Мост – гэта шлях у будучыню, а яна мусіць быць добрай у нашых землякоў. Спадзяюся, дзятлаўчане і госці горада будуць з радасцю і камфортам хадзіць і ездзіць праз яго.

Пасля перарэзвання сімвалічнай чырвонай стужкі праз новы мост праехала першая калона аўтамабіляў, а старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ўважліва азнаёміўся з вынікамі работы, якая падышла да фінішнай кропкі.

Рэканструкцыю моста па вуліцы Камсамольскай па замове Дзятлаўскага РУП ЖКГ выканалі меліяратары раёна. Генеральным падрадчыкам выступіла АУП “Гроднамеліявадгас”, падрадчыкам – Дзятлаўскае ПМС. Узнавіць гэты аб’ект каштавала без малога 450 тысяч рублёў, сродкі былі выдаткаваны з раённага бюджэту. Нягледзячы на складанасці ў працэсе работы, рэканструкцыя моста была паспяхова завершана.

– Мост зручны і надзейны. Стагоддзе прастаіць дакладна! – запэўнілі падрадчыкі кіраўніцтва раёна і дзятлаўчан.

Наталля АВЯРЧУК

Фота Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: