У сэрцы Кацярыны Максімчык – Беларусь і Расія

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Свой “мудры” юбілей, 90 гадоў жыцця, гэтымі светлымі восеньскімі днямі адзначае цудоўная, працавітая жанчына, добры сябар і сардэчны чалавек Кацярына Максімчык, якая не адзін дзясятак гадоў жыве ў аграгарадку Дварэц.

Нарадзілася Кацярына Уладзіміраўна ў Расіі, у Андрэеўскім раёне Смаленскай вобласці. У Вышнім Валачку скончыла тэхналагічны тэхнікум, а далей лёс прывёў яе ў Беларусь, на Дварэцкі льнозавод, будаўніцтва якога якраз завяршалася на той час.

Безумоўна, тэма адзінства Расіі і Беларусі для Кацярыны Максімчык – не пусты гук, а цвёрдае перакананне, што па-іншаму немагчыма. Абедзве краіны юбілярка лічыць роднымі, беражліва захоўвае іх лепшыя традыцыі, аднолькава горача горнецца сэрцам да людзей, якія засталіся на гістарычнай Радзіме і жывуць побач, у беларускім аграгарадку з гучнай назвай Дварэц. Вельмі сімвалічна, што юбілейны дзень нараджэння Кацярыны Уладзіміраўны прыпаў на тыдзень, калі ў нашай рэспубліцы аб’яўлена новае свята – Дзень народнага адзінства.

У гэты ўрачысты і памятны час даўнія знаёмыя Кацярыны Максімчык, члены клуба ветэранаў працы “У коле сяброў” аграгарадка Дварэц, шлюць ёй шчырыя словы пажаданняў і расказваюць, якой яны ведаюць імянінніцу.

– Кацярына Уладзіміраўна з’яўляецца ветэранам працы пакалення дзяцей вайны. На Дварэцкім ільнозаводзе яна пачынала працаваць майстрам змены, дзякуючы стараннасці і высокім прафесійным якасцям, “дарасла” да галоўнага інжынера прадпрыемства, доўгі час ўзначальвала прафсаюзную арганізацыю і была сакратаром партыйнай арганізацыі завода. За добрасумленную працу адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх і ордэн – “Знак Пашаны”.

Яна чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, за што неаднаразова выбіралася дэпутатам Дварэцкага сельвыканкама і членам выканаўчага камітэта. Кацярына Уладзіміраўна і цяпер карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод работнікаў ільнозавода і жыхароў аграгарадка, – характарызуюць юбілярку яе сяброўкі.

На заслужаным адпачынку Кацярына Максімчык таксама не любіць сумаваць: яна з’яўляецца членам клуба ветэранаў працы, аказвала актыўнае садзейнічанне пры стварэнні музея лёну ў Раготнаўскай школе. Аграгарадку Дварэц пашанцавала, што ў свой час Кацярына Уладзіміраўна прыехала працаваць на мясцовы завод, што гэта руская жанчына зрабіла свой важкі ўклад у гісторыю і развіццё нашага беларускага краю.

Вера СЁМУХА, Валянціна СКОК
ад імя наведвальнікаў клуба ветэранаў працы “У коле сяброў” аграгарадка Дварэц

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: