На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца вакцынацыя насельніцтва супраць COVID-19.
Выязная брыгада па вакцынацыі наведала калектыў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Дзятлава, дзе выказалі жаданне прышчапіцца дзесяць супрацоўнікаў.
Пасля медыцынскага агляду і тэрмаметрыі яны атрымалі першы кампанент вакцыны “Спутник V”.
Ратаўнікі падзяліліся сваім меркаваннем наконт вакцынацыі насельніцтва і ўласнымі адчуваннямі пасля прышчэпкі.
Аляксандр Халецкі, старшы пажарны ПАВЧ № 1:
– Мы убачылі асабісты прыклад начальства, якое атрымала ўжо дзве дозы вакцыны ад каранавірусу, і вырашылі не адставаць, падтрымліваючы ідэю стварэння калектыўнага імунітэту. Толькі што я атрымаў першы кампанент вакцыны, адчуваю сябе нармальна, без зменаў. Спадзяюся, што так і будзе. Тым, хто яшчэ ў развагах наконт прышчэпкі, раю даверыцца медыкам і не сумнявацца.
Яўген Ясюкайць, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС:
– Лічу, што прышчэпка ад каранавірусу – адзін з важных крокаў для спынення пандэміі. І гэта ратаўнікі, якія кожны дзень стаяць на варце чалавечага жыцця і дабрабыту, пацвярджаюць уласным прыкладам. Па сваёй рабоце мы кантактуем з рознымі людзьмі, а выпрацоўка імунітэту да каранавіруснай інфекцыі дапаможа абараніць уласнае здароўе і нашых блізкіх.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga