Добрай традыцыяй стала правядзенне на Дзятлаўшчыне тэматычных святаў, у кожным аграгарадку яно сваё, асаблівае.
Жукоўшчына, якая славіцца вырошчваннем садавіны, штогод запрашае гасцей на народнае гулянне – свята яблыкаў.
І кожны год артысты нашага раёна знаходзяць чым здзівіць гледачоў. Сёлетняе мерапрыемства адкрыла яблычная фея, загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Харлінская. Яна падарыла аграгарадкоўцам добрую песню і запрасіла ўсіх жадаючых да “яблычнага стала”, які арганізатары свята падрыхтавалі для гасцей. Якіх толькі прысмакаў тут не было! І бліны з яблыкамі, і пірагі з малінамі, яблыкі печаныя і свежыя, сакавітыя, абаранкі ды мноства іншых прысмакаў. І ўсё гэта ад душы і са шчырай усмешкай з рук “яблынькі” Іны Юганавай.
Пажаданні моцнага здароўя са святочнай сцэны адрасавалі найстарэйшай жыхарцы Жукоўшчыны Соф’і Паўлаўне Паўлоўскай, якая сёлета адзначыць дзевяностагоддзе, а матулі самага маленькага – Арцёма Радзюка, якому ў гэты дзень споўніўся месяц, падарылі цацачны аўтамабіль.
У канцэртную праграму свята яблыкаў увайшлі музычныя кампазіцыі ад Івана Кашко, Аксаны Кашляк, Ірыны Бакшук, Таццяны Дудкінай, Вольгі Іода і нават паўгадзінны песенны марафон ад вакальна-інструментальнага ансамбля “Гарачыя сэрцы”. Пад гукі песень 80-х вядучыя абышлі і пачаставалі ўсіх гасцей свята з духмяным яблычным народным караваем, сімвалічным у Год народнага адзінства.
Завяршылася суботняе свята майстар-класам па побытавых танцах, які прадставілі ўдзельніцы фальклорных калектываў нашага раёна.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga