Чарговая сустрэча старшыняў сельскіх саветаў Дзятлаўшчыны прайшла ў аграгарадку Жукоўшчына пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.
Кіраўнікі мясцовых органаў улады абмеркавалі праблемныя пытанні, сярод якіх найбольш востра ўзнімаліся наступныя: стан безгаспадарчых дамоў у сельскай мясцовасці і эпідэміялагічная сітуацыя ў раёне.
З сацыяльна-эканамічным становішчам у Жукоўшчынскім сельскім савеце прысутных пазнаёміў яго старшыня Валерый Верамейчык.
Адным з надзённых пытанняў было і застаецца добраўпарадкаванне. Таму першым пунктам рабочай паездкі стала наведванне могілак каля вёсак Каршакі і Зачэпічы. Прывядзенне іх у парадак – плён сумесных намаганняў і фінансавых укладанняў мясцовых жыхароў і раённай улады.
Удзельнікі сустрэчы наведалі ўстановы і вытворчасць, якія функцыянуюць на тэрыторыі сельскага савета. Сярод іх – участак па здабычы сапрапелевай гразі, які належыць санаторыю “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”, размешчаны на возеры Дзікім. Начальнік участка Анатоль Жых правёў экскурсію і расказаў пра аб’ёмы здабычы і прызначэнне прыроднага багацця. Ён заўважыў, што сапрапель з возера Дзікага пастаўляюць у санаторыі Беларусі і Літвы.
Намеснік начальніка папраўчай калоніі-пасялення Аляксей Петрыкевіч пазнаёміў дэлегацыю з умовамі, у якіх жывуць і працуюць асуджаныя, адаптуючыся да жыцця на волі. На сёння ў рэжымнай установе знаходзяцца 150 чалавек. На тэрыторыі калоніі ёсць развітая інфраструктура, у тым ліку, дом спатканняў з асуджанымі, харчовы магазін і нават храм. Асуджаныя вучацца зноў жыць у соцыуме, зарабляць грошы і распараджацца імі. Каля 98 % з тых, хто адбывае пакаранне ў калоніі, бяруць курс на выпраўленне і вызваляюцца датэрмінова па рашэнні суда.
Удзельнікі нарады наведалі Гезгалаўскае лясніцтва, у якім нядаўна быў праведзены рамонт, з’явіліся малыя архітэктурныя формы з дрэва. У парніках на тэрыторыі лясніцтва вырошчваюцца сеянцы сасны для далейшага ўкаранення ў мясцовых лясах. Аб усім гэтым гасцям расказала ляснічая Дзіяна Рымко, якая толькі гэтым летам узначаліла філіял.
У час выніковага пасяджэння Аляксандр Бараноўскі станоўча ацаніў дзейнасць Жукоўшчынскага сельвыканкама па развіцці сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванні, падзякаваў яго старшыні Валерыю Верамейчыку за работу і за цёплы прыём, а таксама падкрэсліў, што ў цэнтры ўвагі органаў мясцовага самакіравання – жыццё і бяспека людзей, парадак у населеных пунктах, а таму спіс надзённых праблем і пытанняў, што патрабуюць вырашэння, заўжды абнаўляецца.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga