Апошні прытулак ці шанц на дастойную старасць?

Важнае Грамадства

Аддзяленні для пажылых людзей і інвалідаў, дамы і кватэры сумеснага самастойнага пражывання.

Што гэта: апошні прытулак ці магчымасць пачаць новае жыццё? Па адказы на гэтыя пытанні мы звярнуліся да спецыялістаў і тых, хто ўжо не першы год жыве ў сацыяльнай установе.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– Чалавек, асабліва ў сталым узросце, не павінен заставацца адзін: толькі знаходжанне сярод людзей і сацыяльныя стасункі падаўжаюць нам жыццё. Для адзінокіх пажылых людзей і тых, хто жыве адзінока, калі ім самім складана спраўляцца з бытавымі клопатамі, ідэальным варыянтам для жыцця можа стаць наша Казлоўшчынскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

Вельмі ганаруся калектывам гэтай установы, бо супрацоўніцы клапоцяцца пра насельнікаў, як пра блізкіх людзей. У аддзяленні з дня яго адкрыцця загадчыцай працуе цудоўная жанчына – Валянціна Белая. Дзякуючы чуласці і дабрыні, яна ўмее адшукаць “ключык” да кожнага сэрца. Многім насельнікам аддзялення, якія да паступлення ў нашу ўстанову вялі асацыяльны лад жыцця, Валянціна Вікенцьеўна дапамагла адвучыцца ад шкодных звычак і вярнуцца да здаровых паводзінаў.

Таму, я ўпэўнена, стацыянарныя ўстановы для пажылых людзей і інвалідаў проста неабходныя. Мяркуйце самі: у аддаленыя маланаселеныя вёскі цяжка знайсці сацыяльнага работніка, нават калі ён ёсць, то прыязджае да чалавека на гадзіну-дзве некалькі разоў на тыдзень. Старым людзям гэтага мала. У аддзяленні карціна супрацьлеглая: яго насельнікі пад пастаянным наглядам калектыву, мы дазваляем ім карыстацца стацыянарным тэлефонам, каб не гублялі стасункаў з былымі суседзямі і сваякамі, пастаянна клапоцімся пра іх здароўе, пры неабходнасці машынай дастаўляем у Дзятлава да дактароў-спецыялістаў. Самым вялікім сярод апошніх нашых дасягненняў лічу тое, што аддзяленне без стратаў перажыло дзве хвалі пандэміі каранавіруснай інфекцыі, цяпер тут завяршаецца вакцынацыя насельнікаў і калектыву. Значыць, будуць зняты многія забароны, павысіцца якасць жыцця падапечных. Застаецца яшчэ раз падкрэсліць, што ў аддзяленні заўсёды ўтульна, цёпла, чыста і з душой. Насельнікі адчуваюць, што іх любяць, паважаюць, аберагаюць.

Валянціна Белая, загадчыца Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў:

– Сёння ў нашай установе жыве 29 насельнікаў, пра якіх клапоцяцца 9 работнікаў. Персанал аддзялення – гэта пяць малодшых медыцынскіх сясцёр, сацыяльны работнік, медсястра, работнік па рамонце і мыцці бялізны, загадчыца. У нас створаны камфортныя ўмовы для жыцця і здароўя. З упэўненасцю магу сказаць, што пажылыя людзі дома наўрад ці маюць столькі ж выгодаў, як тут. Некалькі разоў на дзень медработніца вымярае нашым падапечным артэрыяльны ціск, у меню – свежапрыгатаваныя збалансаваныя стравы, абавязковая агародніна і садавіна, амаль без перапынку працуе пральная машына, каб у насельнікаў заўсёды былі чыстая бялізна і адзенне, у нас цёпла, прыбрана, камфортна, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, поабач – лясны масіў.

Лёс “прыводзіць” у аддзяленне розных людзей. Звычайна пажылыя грамадзяне стараюцца як мага даўжэй заставацца дома, дзе, як у народзе кажуць, “і сцены грэюць”. Калі ж падводзіць здароўе ці нават лад жыцця, мы ўгаворваем іх засяляцца сюды. Пажыўшы ў аддзяленні, чалавек усведамляе, што тут яму лепш, бо акружаны клопатам і ўвагай, дагледжаны, з’явіліся новыя знаёмыя і сябры. Сярод нашых жыхароў не толькі састарэлыя людзі, ёсць і інваліды – адным словам, фізічна аслабленыя грамадзяне. Сярэдні ўзрост насельнікаў – 73 гады, самай старэйшай жыхарцы – 103, самаму малодшаму – 50 гадоў. Сваіх спецыялістаў я вучу адносіцца да падапечных з павагай, дабрынёй, разуменнем іх патрэбаў. Мы павінны памятаць, што ў людзей шаноўнага ўзросту таксама ёсць свае мары і планы на жыццё, няхай не такія значныя, як у маладосці. Напрыклад, 103-гадовая бабуля Юлія Гульнік чакае кожнага прыезду з Расіі ўнука, якога сама выгадавала, некаторыя насельнікі хоць на гадзінку хочуць зазірнуць у сваю хату, хтосьці плануе набыць сабе ў пакой тэлевізар. Мы стараемся, каб гэтыя сціплыя мары збываліся. А яшчэ даём кожнаму падапечнаму шанц на новае, больш якаснае жыццё. Не скажу, што працэс адаптацыі заўсёды праходзіць гладка. Калі чалавек да паступлення ў аддзяленне вёў асацыяльны лад жыцця, злоўжываў спіртнымі напоямі, з ім даводзіцца правесці значную работу, каб адмовіўся ад дрэнных звычак, прывёў сябе ў належны выгляд, навучыўся жыць у калектыве і ацаніў тое, што набыў. Дабівацца станоўчых зменаў у такіх пацыентаў дапамагаюць шчырая зацікаўленасць, павага, дабрыня. Асабліва радуе, калі чалавек пазней кажа нам: “Дзякуй”. Мы забяспечваем насельнікам нашай установы высокую якасць жыцця, адпаведна за кошт добрага догляду павялічваецца іх актыўнае даўгалецце.

 

Соф’я Марчук, 87-гадоў:

– Блізкіх у мяне няма, толькі на Украіне жыве пляменніца. Першы раз я засялілася ў аддзяленне пры яго адкрыцці, але хутка вырашыла вярнуцца дамоў, а на пастаяннае жыхарства трапіла сюды пасля аперацыі 11 гадоў таму. Пра свой выбар не шкадую. Работнікі аддзялення – добрыя і клапатлівыя людзі, ніколі мяне не пакрыўдзілі. Я іх вельмі люблю і стараюся не дастаўляць лішніх праблем, таму засцілаю за сабой ложак, падтрымліваю парадак у пакоі. Радуе, што побач жыве шмат насельнікаў, бо мне падабаецца размаўляць з людзьмі, сябрую і са сваёй суседкай па пакоі Марусяй. З задавальненнем выходжу прагуляцца на вуліцу, пасядзець у альтанцы. На тэрыторыі ў нас прыгожа: растуць кветкі, дэкаратыўныя елачкі, рукой падаць да лесу і паветра свежае. Пакуль не пачалася пандэмія, да нас часта прыходзілі праваслаўны і каталіцкі святары, школьнікі, работнікі бібліятэкі. З гасцямі весялей, таму чакаем, каб хутчэй адступіў вірус.

Мне з дому часта звоніць адзінокая сяброўка, расказвае, як ёй нялёгка жывецца, а мне так і хочацца ёй сказаць: “Не пакутуй, прыязджай сюды, хоць пажывеш яшчэ”.

Мікалай Белы, 73 гады:

– Родам я з Гярбелевічаў, сваякоў не маю, у аддзяленні знаходжуся 12 гадоў. Я перажыў інсульт, навучыўся хадзіць нанова, але весці хатнюю гаспадарку сам не змог бы. Каб застаўся дома, даўно памёр бы, вядра вады не прынёс бы. У аддзяленні падабаецца: кормяць смачна, пакоі чыстыя і ўтульныя, у суседнім – жыве сябар Алёша з Драбавічаў, з якім мы яшчэ з маладосці былі знаёмыя. Жыццё ў нас цікавае: глядзім па тэлевізары навіны і перадачы, абмяркоўваем, не прапускаем ніводнага хакейнага і футбольнага матча – хварэем за Беларусь. З сябрам нават курыць кінулі, хочацца пажыць даўжэй, бо ўмовы гэта дазваляюць. Вельмі ўдзячны дзяўчатам-работніцам за догляд, за тое, што збераглі нас ад пандэміі, за магчымасць жыць у камфорце, сярод людзей.

Людміла Красоцкая, 57 гадоў:

– Я інвалід з дзяцінства. У аддзяленне трапіла пяць гадоў таму, калі ў матулі адняліся ногі і яе паклалі ў Новаяльнянскую бальніцу. У хуткім часе мама памерла, а я засталася тут на пастаяннае жыхарства. У аддзяленні падабаецца. З дзяцінства люблю спяваць, таму пачала ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. Выступаць сюды прыязджаюць з Дзятлава наведвальнікі “Праменьчыка”. У час такіх сустрэч мы і самі стараемся падрыхтаваць песенныя нумары і вершы. На жаль, з-за каранавірусу госці даўно не наведвалі нашай установы: гэта было строга забаронена. Хочацца, каб хутчэй жыццё ўвайшло ў нармальнае русла.

Я адрасую словы падзякі і нізкі паклон работніцам нашага аддзялення, бо толькі дзякуючы іх чулым сэрцам у нас тут такое шчаслівае жыццё.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga