Каб восень жыцця заіграла фарбамі

Важнае Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Пажылы ўзрост – гэта восень чалавечага жыцця.

Яна багата пражытымі гадамі, радасцю дасягненняў, горыччу перажыванняў, жыццёвым вопытам. Важна, каб гэты час быў максімальна камфортным для пажылых людзей, каб яны адчувалі клопат і ўвагу. На гэта скіраваны штогадовы абласны агляд-конкурс сярод аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Гродзенскай вобласці.

Мерапрыемства ладзіцца з ініцыятывы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама і сёлета праходзіць пад знакам Года малой радзімы. Удзел у ім прымаюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Прынёманскага краю. Конкурснае журы ацэньвае ўмовы пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў, санітарны стан харчблокаў, захаванне нормаў бяспекі ва ўстановах, добраўпарадкаванне і азеляненне прылеглых тэрыторый, наяўнасць малых архітэктурных формаў, стварэнне безбар’ернага асяроддзя, прыцягненне да супрацоўніцтва ў час культурна-масавых мерапрыемстваў валанцёраў.

На Дзятлаўшчыне, у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына, на працягу года ішла актыўная падрыхтоўка да ўдзелу ў конкурсе: абнаўлялася і папаўнялася матэрыяльна-тэхнічная база, ладзіліся касметычныя рамонты. Шмат энергіі і фантазіі было патрачана на добраўпарадкаванне і азеляненне прылеглай да ўстановы тэрыторыі. У склад працоўнага дэсанта, які ствараў тут прыгажосць, увайшлі не толькі работнікі Казлоўшчынскага аддзялення і Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, але і актывісткі пярвічкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Валанцёры пафарбавалі лаўкі, агароджу, альтанкі, пасадзілі маладзенькія елкі, а пад імі самі зрабілі грыбочкі, аздобілі кветкамі клумбы. Частку саджанцаў для такой добрай справы падарыла аддзяленню прыватная прадпрымальніца з аграгарадка Дварэц Ірына Антропава. І прылеглая тэрыторыя, і жылы корпус аддзялення заўважна памянялі свой воблік. Застаецца спадзявацца, што намаганні сацыяльных работнікаў і валанцёраў будуць дастойна ацэнены конкурсным журы, якое прыедзе ў Казлоўшчыну ўжо сёння, 24 ліпеня.

Таццяна НІКІПОРЧЫК,
дырэктар ЦСАН Дзятлаўскага раёна, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “БСЖ”