Дыскусійная пляцоўка пад такой назвай прайшла ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ў рамках тыдня моладзі “Час выбраў нас”.
Сустрэча была падрыхтавана раённай арганізацыяй ГА “БРСМ”, удзел у ёй прымалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марына Абрамчык, святар сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай іерэй Аляксей Сцепановіч, супрацоўнікі бібліятэкі, педагогі, выхаванцы летніка “Вектар”, што працуе на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.
– У Беларусі 27 чэрвеня адзначаецца Дзень моладзі, якому папярэднічае тэматычны тыдзень, багаты на моладзевыя справы і падзеі, – расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Сённяшні дзень праходзіць пад знакам сям’і і сямейных каштоўнасцяў, аб якіх мы і вырашылі пагаварыць на нашай дыскусійнай пляцоўцы. Каб размова была разнапланавай, запрасілі не толькі педагогаў і псіхолага, але і святара. Каб яна стала пазнавальнай і карыснай, удзел у абмеркаванні прымае падрастаючае пакаленне, якому варта пераймаць жыццёвы вопыт, у тым ліку гарманічнай пабудовы сямейных адносінаў. Спадзяюся, гэта сустрэча будзе патрэбнай і цікавай для кожнага яе ўдзельніка, і мы пачуем тут інфармацыю, якая абавязкова спатрэбіцца ў далейшым.
На пачатку ўдзельнікі мерапрыемства паразважалі, што для іх значыць паняцце “сям’я”.
Цікавую думку на гэты конт выказаў айцец Аляксей. Ён зазначыў, што першы сямейны саюз Бог блаславіў, стварыўшы Адама і Еву. Сучасным сем’ям таксама не варта губляць сувязі з Богам. Лёс – гэта доўгая дарога, на якой бывае нямала перашкодаў, ёсць яны і ў сямейным жыцці. Калі ўзнікаюць праблемныя пытанні, пры іх вырашэнні трэба звяртацца па міласць да Бога, каб ён дапамог вярнуць душэўны спакой, бо ў моманты раздражнення людзі не могуць вынікова спраўляцца з праблемамі. Дапамагае сямейным парам і ахвярная любоў. Што гэта значыць? Гэта калі чалавек для сваіх родных ахвяруе ўласнымі інтарэсамі. Прыкладам такой ахвярнай любові для нас можа служыць подзвіг ваеннага пакалення, якое адстаяла для нашчадкаў мір і свабоду.
Пра магчымыя сямейныя цяжкасці і як іх пазбегнуць расказала педагог-псіхолаг гімназіі № 1 горада Дзятлава Вольга Ступчык. Яна засяродзіла ўвагу падрастаючага пакалення на тым, што жыццёвы вопыт дзеці найчасцей пераймаюць ад бацькоў. Калі дарослыя не ўмеюць жыць адзін для аднаго, а жывуць толькі для сябе – гэта кепская мадэль паводзінаў, якая не вядзе да шчасця. Адкуль узяць вопыт, каб стварыць моцную сям’ю? Трэба да заключэння шлюбу падумаць, з кім збіраешся ісці па жыцці, пазнаёміцца з сям’ёй абранніка, вырашыць для сябе, ці падабаюцца табе такія ўзаемаадносіны, якія пануюць там. “Зазірайце” не ў свае пачуцці, а ў таго чалавека, якога кахаеце, – параіла Вольга Георгіеўна.
Таксама яна расказала пра сітуацыі, у якіх скасаванне шлюбу лепш не адкладваць. Гэта алкагольная, наркатычная, гульнявая залежнасці другой палавінкі. Калі адчуваеш, што не маеш маральных рэсурсаў, каб дапамагчы чалавеку ўвайсці ў “перыяд цвярозасці”, лепш прыняць канчатковае рашэнне. Цярпець дзеля дзяцей таксама нельга, бо яны з такой сям’і выходзяць з псіхалагічнымі траўмамі.
Святар таксама пацвердзіў, што ў сітуацыях, калі існуе пагроза жыццю, царква благаслаўляе развод.
Добрую параду – даваць шанц на выпраўленне членам сваёй сям’і і падтрымліваць іх у цяжкія хвіліны – выказала педагог-арганізатар гімназіі № 1 горада Дзятлава Марына Шаўчук.
Скончылася размова на пазітыўнай ноце. Прысутныя ўзгадалі галоўныя традыцыі сваіх сем’яў, сярод якіх называлі – збірацца на святы, бавіць час разам, падарожнічаць. На развітанне Кацярына Хілімончык пажадала ўдзельнікам дыскусійнай пляцоўкі, каб іх сем’і былі хлебасольнымі, моцнымі і дружнымі.
Ірына СТЫРНІК