Утульны двор – шчаслівым дзецям

Важнае Грамадства

Акцыю пад такой назвай напярэдадні Дня абароны дзяцей ладзіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” на чале са старшынёй Аленай Васкель.

Да сябровак з жаночага саюза далучыліся актывісты раённых арганізацый ГА “Белая Русь”, “БРСМ”, “Таварыства Чырвонага Крыжа.

Удзельнікі акцыі пафарбавалі лаўкі і абсталяванне на дзіцячай пляцоўцы у мікрараёне шматпавярховай забудовы па вуліцы Міцкевіча. Старшыня раённай жаночай арганізацыі Алена Васкель патлумачыла, чаму менавіта гэты аб’ект быў выбраны адрасам добрай справы:

– Дзіцячая пляцоўка, па-першае, знаходзіцца ў цэнтры горада недалёка ад парка, па-другое, побач са шматкватэрным арэндным домам-інтэрнатам, дзе жывуць пераважна маладыя сем’і з дзецьмі. Упэўнена, што ад яркіх фарбаў малеча будзе атрымліваць вялікае задавальненне, а мы, як жанчыны, як матулі, заўсёды імкнёмся падарыць радасць дзецям. Таму напярэдадні 1 чэрвеня доўга не думалі, якім чынам гэта зрабіць: вырашылі ўзяцца за пафарбоўку.

– Акцыя, у якой прымаем удзел, нясе людзям дабро, – дзеліцца ўражаннямі Вера Аляксеева, якая прадстаўляе пярвічку Чырвонага Крыжа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. – Я таксама жыхарка гэтага мікрараёна, сюды гуляць на пляцоўку ходзяць мае дзеці. Як валанцёр Чырвонага Крыжа, заўсёды адгукваюся на падобныя прапановы, асабліва прыемна рабіць што-небудзь карыснае для дзяцей і горада, у якім жыву ўжо дзявяты год.

– Сёння ўсе разам абновім пляцоўку, парадуем маленькіх і дарослых жыхароў мікрараёна, – далучаецца да размовы спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ”, шматдзетная матуля Наталля Маркава. – Пафарбаванае абсталяванне праслужыць даўжэй, а малеча будзе задаволена яркімі колерамі. У Год народнага адзінства кожнаму з нас прыемна ўнесці свой уклад у скарбонку добрых спраў. Спадзяюся, наш прыклад заахвоціць і іншых дзятлаўчан далучацца да падобных акцый.

За размовамі і справай час праляцеў непрыкметна, на лавачках і арэлях з’явіліся надпісы: “Пафарбавана”, удзельнікі акцыі сабралі рабочы інвентар і вырашылі сфатаграфавацца на памяць. Развітваліся ў цудоўным настроі да новых добрых спраў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: