Да пабачэння, школа! (+відэа)

Важнае Грамадства

29 мая ў школах Дзятлаўшчыны прагучалі апошнія званкі.

Выпускнікі развітваліся са сваімі навучальнымі ўстановамі, настаўнікамі, шчаслівым часам дзяцінства. Наперадзе ў іх — выпускны баль, паступленні, дарослае жыццё. Для астатніх вучняў майская лінейка стала пачаткам самай шчаслівай, самай доўгачаканай пары — летніх канікулаў.

На свяце апошняга званка ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава сёлета праводзілі ў вялікае жыццё 34 адзінаццацікласнікаў. Яшчэ 68 вучняў установы скончылі дзявяты клас. Большасць з іх працягне навучанне на трэцяй ступені адукацыі, а некаторыя таксама паспрабуюць паступіць на выбраныя спецыяльнасці.

Дырэктар школы Іван Кібінь павіншаваў усіх навучэнцаў і педагогаў з паспяховым заканчэннем 2020-21 навучальнага года і пачаткам канікулаў. Выпускнікам Іван Збышкавіч пажадаў удачы пры паступленні, новых поспехаў, удалых пачынанняў, слаўных справаў.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Таццяна Кулеш уручыла дыпломы і падарункі пераможцам творчага конкурсу “Залатое пяро Белай Русі”.

Начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях райвыканкама Сяргей Казушчык заклікаў бацькоў школьнікаў берагчы сваіх дзяцей і не забываць пра выкананне правілаў бяспекі ў час летніх канікулаў. Ён параіў дарослым вучыць дзяцей на ўласным прыкладзе.

Да выпускнікоў звярнулася з наказам першая настаўніца Алена Салаш:

— Будзьце добрымі, сумленнымі, адкрытымі, радуйце сваіх бацькоў. Няхай на вашым шляху заўжды будуць поспех і ўдача. У добры шлях, выпускнікі!

Да яе пажаданняў далучыліся класныя кіраўнікі Таццяна Калашнікава і Вольга Лябецкая.

Выпускнікі падрыхтавалі для сваіх настаўнікаў, малодшых сяброў, бацькоў і гасцей лінейкі шчырыя словы, песні і вершы і, нарэшце, школьны развітальны вальс. Кульмінацыяй свята стаў апошні развітальны званок.

Выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіядаў, конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў атрымалі граматы і каштоўныя падарункі.

∗∗∗

У гімназіі №1 горада Дзятлава прагучаў апошні званок.

З наказам і словамі падзякі за выдатную вучобу да вучняў звярнуўся дырэктар гімназіі Валерый Ішуцін. Ён пажадаў выпускнікам не спыняцца на дасягнутым і выбраць правільны жыццёвы шлях, а астатнім ‒ цікава і з карысцю правесці тры месяцы летніх канікулаў:

‒ Увесь навучальны год вы выдатна працавалі, адстойваючы гонар гімназіі на конкурсах, алімпіядах і спартыўных спаборніцтвах раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў, ‒ адзначыў Валерый Васільевіч.

Ён уручыў пераможцам Ганаровыя граматы, дыпломы, медалі і салодкія падарункі.

Да віншаванняў далучыўся Юрый Залеўскі, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, пажадаў  выпускнікам паспяховай здачы школьных экзаменаў і высокіх вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, паступіць на спецыяльнасць, якая ім сапраўды падабаецца.

Марта Мілаш, старшы інспектар Дзятлаўскага РАНС, нагадала, што канікулы трэба правесці не толькі весела і карысна, але і бяспечна: выконваць правілы дарожнага руху і пажарнай бяспекі, правільна паводзіць сябе на вадзе.

Да гасцей звярнулася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Клімец і абвясціла загад аб допуску да дзяржаўных іспытаў.

Вучні гімназіі выступілі з музычнымі нумарамі ‒ песнямі, вершамі і танцамі. Першакласнікі, для якіх апошні званок стаў запрашэннем на першыя ў іх жыцці летнія канікулы, падарылі выпускнікам папяровыя матылькі са словамі пажаданняў.

Не абышлося і без кранальнай традыцыі ‒ развітальнага школьнага вальса ў выкананні адзінаццацікласнікаў. Разам з бацькамі яны падзякавалі кіраўніцтву школы і настаўнікам за шматгадовую падтрымку, каштоўныя жыццёвыя ўрокі і разуменне, падарылі кветкі.

Кульмінацыяй свята стаў апошні званок, які далі адзінаццацікласнік Ягор Валько і першакласніца Маргарыта Сарачынская.

∗∗∗

Урачыстая лінейка “Наперад —  юнацтву насустрач”, прысвечаная заканчэнню навучальнага года, прайшла ў сярэдняй школе № 1.

Па традыцыі першае слова для прывітання было дадзена дырэктару  школы Аксане Пацыновіч, якая павіншавала ўсіх прысутных і з найлепшымі пажаданнямі звярнулася да выпускнікоў.

Да віншаванняў далучыліся госці: Ірына Жэгала, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама, Аляксандр Беленка, намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце  Алена Сівая  зачытала загад аб допуску выпускнікоў школы да выніковай атэстацыі, пасля чаго ім было дадзена развітальнае слова. Апошні званок у гэтым навучальным годзе далі выпускнік 11 класа Антон Сіневіч, член зборнай школы па валейболе і баскетболе, і Марыя Шумская, навучэнка 1 “А” класа.

Традыцыйна лінейка закончылася ўскладаннем навучэнцамі 5-6 класаў кветак да магілы загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

∗∗∗

Гезгалаўская сярэдняя школа

∗∗∗

Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа

∗∗∗

Дварэцкая сярэдняя школа

∗∗∗

Жукоўшчынскі дзіцячы сад-базавая школа

∗∗∗

Казлоўшчынская сярэдняя школа

∗∗∗

Раготнаўскі дзіцячы сад- базавая школа

∗∗∗

Таркачоўскі дзіцячы сад-начальная школа

∗∗∗

Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа

∗∗∗

Хвінявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа

∗∗∗

Новаяльнянская сярэдняя школа

∗∗∗

Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа

Наталля АВЯРЧУК
Марыя ПАПОВА
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ