Засталося дачакацца цяпла

Важнае Грамадства

З 1 мая па ўсёй рэспубліцы стартуе купальны сезон.

Як праходзяць работы па падрыхтоўцы пляжа і возера да новага купальнага сезона, расказаў старшы матрос-ратаўнік Дзятлаўскага ратавальнага паста, старшыня раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах Уладзімір Баравік:

– Тэрыторыю гарадскога пляжа прыводзяць у парадак прадстаўнікі Дзятлаўскай раённай арганізацыі таварыства ратавання на водах сумесна з работнікамі РУП ЖКГ і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Сёння ўстаноўлены інфармацыйны стэнд з правіламі бяспечных паводзінаў на вадзе, лаўкі, сметніцы, металічныя парасоны ад сонца, агароджа на месцы для купання дзяцей, жоўтыя буі на глыбіні 1, 2 метра для тых, хто не ўмее плаваць.

Таксама абноўлены пясок і перастаўлены слупы для сеткі на валейбольнай пляцоўцы, пафарбавана большая частка аб’ектаў на месцы адпачынку, прыбрана ад смецця берагавая лінія, за тры метры ад яе ачышчана ад водарасцяў возера. Акрамя гэтага, папераджальныя таблічкі каля вады і драўляныя слупкі на пяску ўказваюць на мяжу, заплываць за якую строга забаронена, асабліва з левага боку ад пазначанага для купання ўчастка, дзе размешчана дамба. Для зручнасці дзятлаўчан на гарадскім пляжы ёсць раздзявальні, пакладзена драўляная падстаўка для плаўнага ўваходу ў ваду, устаноўлены каменны фантанчык з пітной вадой. Да работ былі прыцягнуты вадалазы слонімскай ратавальнай станцыі, якія ачысцілі дно возера. Для тых, хто ўпэўнена трымаецца на вадзе, плануецца ўсталяваць аранжавыя буі на глыбіні 1, 75 метра. У бліжэйшы час будзе пафарбавана агароджа на месцы для купання дзяцей і павешаны дадатковы інфармацыйны стэнд на бытавым памяшканні матросаў.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga