Заўважайце трывожныя званочкі

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У рамках акцыі “За бяспеку разам” менавіта пад такой назвай у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшлі вучэнні назіральных камісій па супрацьпажарнай бяспецы.

Сяргей Казушчык, начальнік Дзятлаўскага РАНС, нагадаў слухачам аб правілах пажарнай бяспекі і ўстаноўкі пажарнага апавяшчальніка. Для нагляднасці ён прадэманстраваў фотаздымкі “памылак”, якія прывялі да ўзнікнення пажараў.

Уладзімір Святоха, першы намеснік начальніка РАУС, падрабязней спыніўся на працы членаў назіральных камісій з грамадзянамі пажылога ўзросту і тымі, хто злоўжывае алкаголем. Паводле яго слоў, выпадкі, калі пажар узнікае з-за курэння ў п’яным стане, на жаль, не рэдкасць. Акрамя таго, ён папрасіў звяртаць увагу грамадзян на выпадкі махлярства ў Інтэрнэце і па тэлефоне:

‒ Расследаваць такія злачынствы няпроста, таму своечасовае інфармаванне насельніцтва ў якасці прафілактыкі па-ранейшаму застаецца важнай часткай працы назіральных камісій, ‒ падкрэсліў Уладзімір Іванавіч.

Юрый Ганчар, начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння расказаў пра правілы бяспечнага карыстання газавымі прыборамі і на што трэба звяртаць увагу пры візуальным аглядзе.

Валянцін Касцюкевіч, інспектар інспекцыі энергагазнагляду Дзятлаўскага раёна парэкамендаваў быць пільнымі пры праверцы эксплуатацыі электрычных прыбораў і электраправодкі, правяраць, ці не “перагружаныя” падаўжальнікі і ці маецца ахоўнае шкло на свяцільнях.

Барыс Отчык, псіхіятр-нарколаг Дзятлаўскай расказаў пра тое, як выявіць людзей, якія злоўжываюць алкаголем і якая праца павінна з імі праводзіцца.

Алена Чайкоўская, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама заклікала членаў камісій звяртаць увагу на добраўпарадкаванне і бяспеку прыдамавой тэрыторыі, адсутнасць захламленасці ўнутры дома, а таксама знешнасць непаўналетніх. Асаблівую трывогу павінны выклікаць сінякі і драпіны, варта спытаць у дзіцяці пра тое, адкуль яны з’явіліся.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, закранула пытанне бяспекі пажылых людзей. Акрамя добраўпарадкавання ўчастка, варта пагутарыць з чалавекам, даведацца, з кім ён жыве, ці патрэбна яму дапамога:

‒ На жаль, часам пажылыя людзі аказваюць “мядзведжую паслугу” сваякам, якія злоўжываюць алкаголем, дазваляючы ім жыць у сваім доме. Яны добраахвотна аддаюць пенсіі і нават церпяць пабоі. Разам мы здольны не дапусціць гэтага, своечасова заўважаючы трывожныя “званочкі”.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga